БХД можа падаць у суд на ПК МТЗ за зрыў Устаноўчага з’езду партыі 17 снежня

30 студзеня 2012 09:57  |  Галоўныя навіны

Аргкамітэт па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” 30 студзеня накіраваў на імя дырэктара Палацу культуры Менскага трактарнага заводу зварот аб дасудовым урэгуляванні справы аб зрыве Устаноўчага з’езду БХД 17 снежня 2011 года.

 

Пра гэта прэсавай службе БХД распавёў адказны сакратар аргкамітэту Дзяніс Садоўскі.

 

У заяве адзначаецца, што падчас з’езду 17 снежня а 17:30 па асабістым загадзе дырэктара ПК МТЗ у актавай залі, дзе адбываўся з’езд, было адключана асвятленне. Пры гэтым арэнда залі была своечасова і цалкам аплачана да 19:00.

 

“Мы ацэньваем гэтыя дзеянні адміністрацыі ПК МТЗ як зрыў Устаноўчага з’езду і патрабуем кампенсаваць час ад 17:30 да 19:00, калі было сарванае мерапрыемства. Дырэктару палаца мы даем час да 5 лютага, каб вырашыць гэтае пытанне ў дасудовым парадку. Калі пытанне не будзе вырашана, мы будзем падаваць у суд з патрабаваннем не толькі кампенсацыі часу, але і маральнай шкоды”, – адзначыў Дзяніс Садоўскі.

 

“Нам надакучыла мірыцца з беззаканооем, як збоку мінюста, так і ПК МТЗ, які парушае дамовы. Безумоўна, мы разумеем, у якой краіне жывем, але паспрабуем дабіцца выканання нашых правоу да канца. Таксама БХД будзе стрымліваць незаконныя дзеянні і іншых прадстаўнікоў улады”, – падкрэсліў ён.

 

Нагадаем, што асвятленне ў актавай залі ПК МТЗ 17 снежня было адключанае, калі на сцэне з’явіўся забаронены беларускі музыка Лявон Вольскі.

Болей навін