Тацяна Севярынец заклікае пракуратуру праверыць законнасць зняволення Валера Ганчарэнкі

01 лютага 2012 10:19  |  Галоўныя навіны

Віцебская абласная каардынатарка аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысіцянская Дэмакратыя” Тацяна Севярынец 1 лютага перадала ў абласную пракуратуру заяву з просьбай праверыць законнасць утрымання ў псіхіятрычным аддзяленні Багушэўскага сухотнага шпіталю сябра БХД Валера Ганчарэнкі.

 

У заяве яна таксама просіць праверыць, на якой падставе галоўурач шпіталю Наталля Лясная пагражае іншым хворым змясціць іх таксама ў псіхіятрычнае аддзяленне за кантакты са СМІ ці з Тацянай Севярынец.

 

“Дзяжурнага пракурора я адразу папярэдзіла, што маю намер даць інфармацыю пра свой зварот у СМІ, бо становішча Валера Ганчарэнкі выклікае шырокую заклапочнасць у грамадстве. Яно адлюстроўвае стаўленне дзяржавы да простага чалавека”, – адзначыла каардынатарка БХД.

 

У хуткім часе Тацяна Севярынец таксама збіраецца прыйсці з такімі самымі пытаннямі на прыём да начальніка абласного аддзела па здароўі.

 

Нагадаем, што інвалід другой групы Валер Ганчарэнка, хворы на адкрытую форму сухотаў, які ў нашай “сацыяльнай краіне” не можа атрымаць годнага лекавання, гатовы прынесці сябе ў ахвяру замест “бязвінна асуджаных “віцебскіх тэрарыстаў”. Па яго словах, ён не можа больш існаваць у такіх умовах.

 

12 снежня ён абвясціў галадоўку і адмовіўся ад прыёму медыкаментаў. На восьмы дзень галадоўкі ён быў змешчаны ў псіхіятрычнае аддзяленне. 28 снежня віцебскія актывісты і прадпрымальнікі перадалі гуманітарную дапамогу пацыентам Багушэўскага абласнога сухотнага шпіталю. У склад дапамогі ўвайшлі бялізна, вопратка (у тым ліку курткі, майкі, шкарпэткі), абутак, прадукты харчавання (30 кілаграмаў мандарынаў, столькі ж яблыкаў, 20 кілаграмаў печыва, 10 кілаграмаў цукерак), невялікая бібліятэка з 41 кнігі твораў на хрысціянскую тэматыку і зборнікаў вершаў Уладзіміра Некляева. У адказ Валера Ганчарэнку пачалі ўзмоцнена калоць заспакойлівыя прсіхатропныя рэчывы.

Болей навін