Каталікі адзначаюць свята Ахвяравання Пана

02 лютага 2012 11:03  |  Грамадства

2 лютага Каталіцкі Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана, а з 1997 года — і Дзень кансэкраванага жыцця. Як калісьці Марыя і Юзаф ахвяравалі Езуса, прынёсшы яго ў святыню, так і духоўныя асобы ахвяравалі сваё жыццё служэнню Богу ў розных манаскіх ордэнах і кангрэгацыях і свецкіх інстытутах.

 

Свята Ахвяравання Пана традыцыйна называюць яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай або Грамніцамі. У гэты дзень у літургіі ўспамінаецца прынясенне Дзіцятка Езуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, прадпісанага законамі Старога Запавету. Такім чынам, ужо ў самым пачатку зямнога жыцця Збаўцы Бог сведчыць, што Езус прыйшоў у свет не парушыць закон, а выканаць яго.

 

Згодна з апавяданнем евангелістаў, першымі людзьмі, якія сустрэлі Пана, пазнаўшы ў маленькім Дзіцятку самога Хрыста, былі прарок Сімяон і старая ўдава па імені Ганна, якая няспынна прабывала ў святыні.

 

Няхай гэтае свята дапаможа і кожнаму з нас спаткацца з Езусам і адкрыць сваё сэрца на іншага чалавека.

Болей навін