Віталь Рымашэўскі: сярод апазіцыі ёсць лабісты інтарэсаў рэжыму

02 лютага 2012 18:15  |  Палітыка

Брусэльскі офіс “За дэмакратычную Беларусь” прапанаваў выкрасліць 25 беларускіх чыноўнікаў з спісу неўязных – такую заяву зрабіў учора сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі. І ўдакладніў, што “абнародаванне гэтай інфармацыі накіравана на тое, каб гэтыя людзі спыніліся”.

На што офіс адказаў каментаром Вольгі Стужынскай, дзе яна паспрабавала аргументаваць сваю пазіцыю.

Чым пагражае выкрэсліванне прозвішчаў са спісу неўязных, хто з беларускай апазіцыі і навошта лабіруе інтарэсы рэжыму – адказамі на гэтыя пытанні ў працягу дыскусіі з карэспандэнтам UDF.BY падзяліўся сам сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.

– Вольга Стужынская кажа, што рэктараў ВНУ, напрыклад, трэба прыбраць з “чорнага спісу” таму, што без супрацоўніцтва з Еўрасаюзам немагчымыя рэформы ў беларускай сістэме адукацыі. Чаму ж, на вашу думку, усё-ткі нельга ісці на гэты крок, нягледзячы на такі важкі аргумент?

– Таму што рэктары беларускіх ВНУ да гэтага часу непасрэдна выкарыстоўваюцца для ціску на беларускіх дэмакратычных актывістаў-студэнтаў. У прыватнасці, апошні інцыдэнт здарыўся ў БДУКМ (былы Інстытут культуры). Невядомыя людзі на працягу дзвюх гадзін дапытвалі дзяўчыну ў кабінеце рэктара з нагоды прыналежнасці да БХД без усялякіх на тое падстаў. І такіх прыкладаў шмат: я не згодны, што нешта істотна змянілася з 2006 г.

– Чаму тады Стужынская ігнаруе гэты аспект?

– На самай справе, не варта спрабаваць шукаць тут разумную логіку, таму што гэта зусім не аргументы, а толькі зачэпкі, каб скампраметаваць палітыку ЕС у дачыненні да Беларусі. А такія зачэпкі можна знаходзіць самыя розныя. У тым ліку знайсці чалавека, які быў у гэтым спісе, але памёр. Ініцыятары выдатна арыентуюцца ў палітыцы Еўрапейскага Саюза і разумеюць, як цяжка прымаюцца рашэнні з нагоды гэтага спісу. І, вядома, заўсёды знаходзяцца лабісты рэжыму, нават сярод еўрапейскіх палітыкаў, якія спрабуюць рознымі спосабамі пахіснуць любую цвёрдую палітычную пазіцыю ЕС у дачыненні да Беларусі.

– Навошта?

– Канчатковая мэта – поўны перагляд і адмена спісу “неўязных”, дыскрэдытацыя палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі і паказанне яе неэфектыўнасці. Ставіцца пад сумнеў ўся стратэгія ЕС і лабіююцца інтарэсы рэжыму ў цэлым, які зацікаўлены нічога не змяняць у Беларусі, працягваць знішчаць незалежную апазіцыю і адначасова аднаўляць добрыя, паўнафарматныя адносіны з Еўрасаюзам. І ў гэтым рэжыму дапамагаюць лабісты з апазіцыі.

– З беларускай апазіцыі? Каму ж гэта можа быць выгадна?

– Так, гэта канкрэтная група людзей, вядомая ў апазіцыйнай беларускай асяроддзі. Так што няправільна цяпер акцэнтаваць усю ўвагу на асобе Вольгі Стужынскай, таму што офіс “За дэмакратычную Беларусь” не самастойны: ён толькі лабіруе ініцыятывы, якія фармуюцца пэўнымі палітыкамі ў Беларусі. Што б там тыя ні казалі: бо некаторыя з іх паспелі ўжо адхрысціцца ад сваёй датычнасці. Але гэта па-сапраўднаму небяспечна: у гонцы за месцамі ў “лукашэнкаўскай” канструктыўнай апазіцыі гэтыя людзі гатовыя пераступіць праз ўсіх. Нават праз ахвяр рэпрэсій.

– Калі казаць пра час, то чаму такое пытанне ставіцца менавіта цяпер?

– Паводле неафіцыйных дадзеных, спіс “неўязных” як раз збіраюцца пашыраць. А пастаноўка такога пытання зараз накіравана на тое, каб сарваць і пашырэнне спісу ў прыватнасці, і скампраметаваць палітыку ЕС у цэлым. Даказаць, што яна неэфектыўная, у той час як гэтая палітыка дыялагічная – але і прынцыповая, і маральная. Прычым самі ініцыятары цынічна закрываюцца імёнамі палітычных зняволеных – і гэта тыя людзі, якія самі на сабе рэпрэсіяў не адчуваюць.

– Яшчэ Стужынская згадвае канкрэтныя прозвішчы, напрыклад, бізнэсмэна Пефціева. Гэта лабіраванне асобных людзей?

– Не, гаворка не ідзе пра лабіяванні кагосьці канкрэтнага з спісу. Таму што ўстанаўленне прамога кантакту з Пефціевым, напрыклад, для дэмакратычных сіл немагчыма: сітуацыя кантралюецца спецслужбамі, якія гэтага не дапусцяць. Гаворка ідзе пра лабіяванне рэжыму ў цэлым і яго інтарэсаў. Наяўнасць гэтых двух дзесяткаў чалавек – толькі нагода, каб перагледзець усю стратэгію адносінаў ЕС да Беларусі, г.зн. вярнуцца да падтрымкі рэжыму пры наяўнасці тут палітвязняў. Вось галоўная мэта. А каго менавіта збіраюцца выкрасліць са спісу – гэта толькі дэталі, якія не адыгрываюць істотнай ролі.

Болей навін