Еўразвяз пачынае дыялог з беларускімі ўладамі

09 лютага 2012 09:53  |  Галоўныя навіны

Дырэктар па пытаннях Расіі, Усходняга Партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешняга дзеяння (EEAS) Гунар Віганд (Gunnar Wiegand) 9 лютага на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці заявіў, што Еўразвяз гатовы распачаць дыялог з беларускімі уладамі. Пра гэта прэсавай службе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі распавёў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

 

Паводле словаў еўрачыноўніка, мэтай яго візіту ў Беларусь якраз і з’яўляецца паказаць адкрытасць і гатовасць ЕЗ да дыялогу. У прыватнасці, Гунар Віганд намераны прапанаваць беларускаму рэжыму план мадэрнізацыі і фінансавай падтрымкі Беларусі. Разам з тым ён адзначае, што дыялог будзе абумоўлены шэрагам пытанняў і будзе весціся пры пасярэдніцтве беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

 

“Калі ў сваім дыялогу ЕЗ будзе прытрымлівацца плану, распрацаванага ўлетку 2011 года беларускімі дэмакратычнымі сіламі, то тады ён для нас цалкам прымальны. Нагадаю, што распрацаваны намі план уключае тры пункты: безумоўнае вызваленне і рэабілітацыя палітвязянў, правядзенне дэмакратычных выбараў і эканамічная мадэрнізацыя. У такім фармаце дыялог можа весціся. Пры гэтым ён павінен быць адкрытым, каб пазбегнуць тых выпадкаў, калі адна арганізацыя, як гэта зрабіў “Офіс за дэмакратычную Беларусь”, выступае ад імя ўсіх беларускіх дэмакратычных сілаў”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

 

Пры гэтым ён адзначыў, што ўлады брутальным затрыманнем удзельнікаў Ліцьвінскага клюбу паказалі, якім чынам і на якіх умовах яны збіраюцца весці дыялог з Еўразвязам. “Паказальна, што гэта адбылося менавіта падчас візіту ў Мінск прадстаўнікоў ЕЗ, Стратэгія рэжыму – знішчыць беларускія незалежныя дэмакратычныя сілы, беларускае грамадства. Тых, хто незалежны, улады будуць саджаць у турмы, а тых, хто згодны з іх палітыкай, у так званы парламент”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.

Болей навін