Дэмакратычныя сілы Бабруйска выступаюць за байкот выбараў (фота дакумента)
Восем дэмакратычных партый і арганізацый Бабруйска выступаюць за байкот выбараў. Пра эта прэсавай службе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі распавяла магілёўская абласная каардынатарка БХД Таісія Кабанчук.
Сумесную заяву аб байкоце выбараў падпісалі: ад імя БХД – Таісія Кабанчук, МХД – Максім Рыжкевіч, АГП – Віктар Бузінаеў, Партыі БНФ – Сяргей Лацінскі, БСДП(Г) – Уладзімер Чабан, “Справядлівага свету” – Альберт Секержыцкі, РЭП – Галіна Смірнова, “Гавары праўду!” – Алена Мядзведзева.
“Узяць удзел у будучых выбарах у палату прадстаўнікоў Беларусі – значыць страціць апошнюю рэшту павагі да сябе самога і прызнаць сябе маўклівым рабом, з якім можна рабіць усё, што заўгодна. Пайсці на выбары – значыць пагадзіцца гуляць з загадзя вядомымі шулерамі, наіўна спадзеючыся ў гэтых шулераў выйграць. Пайсці на выбары – значыць падмацаваць, прызнаць і легітымізаваць усё тое злачыннае, што было зроблена за 17 год рэжыму Лукашэнкі. Як можна ісці на выбары, калі ў турмах знаходзяцца палітычныя вязні, якія апынуліся ў іх у выніку падобных выбараў”, – гаворыцца ў заяве.
“Дабрашчасны той муж, што ня ходзіць на раду бязбожных” – сказана ў Бібліі. Гэту фразу ў дачыненні да дадзеных выбараў можна лічыць дэвізам, і парадай, і адкрыццём”, – адзначаюць падпісанты.
Дэмакратычныя сілы Бабруйска вылучылі ўладам пяць пунктаў, у выніку выканання якіх яны могуць узяць удзел у выбарах: тэрміновае вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, прыняцце дэмакратычных норм дзейнасці СМІ і рэгістрацыі палітычных партый і арганізацый, уключэнне ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў апазіцыі, адмена абмежаванняў на правядзеннне мітынгаў і сходаў.
“У адваротным выпадку мы заяўляем пра наш няўдзел у вылучэнні кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, адмаўляемся ад удзелу ў так званай выбарчай кампаніі і арганізуем кампанію байкоту”, – адзначаюць бабруйскія дэмакраты.