Петыцыя супраць знішчэння Парка 40-годдзя Кастрычніка
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя выступіла адным з ініцыятараў з’яўлення петыцыі супраць знішчэння ў Менску Парка 40-годдзя Кастрычніка.
Петыцыя адрасаваная Менгарвыканкаму, міністэрству прыродных рэсурсаў і амбасадзе Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі. Прапануем усім неабыяавым людзям падпісаць петыцыю. Зрабіць гэта можна тут.
У цэнтры горада Мінска высякаецца Парк 40-годдзя Кастрычніка пад будаўніцтва кітайскага гасцінічнага комплексу «Пекін». Увосень мінулага года было прынята рашэнне аб выдаленні 174 дрэваў у цэнтральнай частцы парку, што раўнасільна яго знішчэнню.
Парк 40-годдзя Кастрычніка ў Менску – гэта неад’емная частка горада, якая фармуе яго ўнікальны вобраз. Гэта месца адпачынку менчукоў і гасцей сталіцы Беларусі. Гэта месца, якое сведчыць аб гераічнай гісторыі нашага народа – менавіта тут у 1944 годзе прайшоў знакаміты Парад Партызан, у якім прынялі ўдзел каля 50000 чалавек, сярод якіх было 30000 партызан. Гэта прыгожае месца ў цэнтры горада, якое стала такім, дзякуючы працы менчукоў пасляваеннага Менска.
Мы павінны захаваць яго для нас і нашых дзяцей!
Мы патрабуем ад Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама ад Менскага гарадскога выканаўчага камітэта перагледзець прынятыя рашэнні аб яго забудове, улічыць меркаванне жыхароў горада і перанесці гасцінічны комплекс «Пекін» ў іншае, больш падыходнае для пяцізоркавага гатэля месца.
На наш погляд пяцізоркавы гасцінічны комплекс «Пекін» немагчыма будзе размясціць у межах парку такім чынам, каб захаваць як мага больш дрэў. Улічваючы вялікія памеры комплексу і яго меркаваны ўзровень – пяць зорак, мы ўпэўненыя ў тым, што яго будаўніцтва на тэрыторыі Парку ў любым выпадку прывядзе да яго адназначнага знішчэння. У дадзены момант «немагчымасць» пераносу гасцініцы «Пекін» складаецца выключна ў нежаданні забудоўшчыка, кітайскай кампаніі BUCC, пайсці на кампраміс і разгледзець іншыя варыянты.