Юры Клімовіч: ў рэгіёнах ніхто не хоча быць клоўнам

11 лютага 2012 11:08  |  Галоўныя навіны

Кіраўнік аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” па Гомельскай вобласці Юры Клімовіч лічыць, што галоўнай мэтай палітычнай кампаніі 2012 году павінна стаць дэлігітымізацыя рэжыму ў вачах простых грамадзян. На яго думку, дасягнуць гэта атрымаецца толькі праз байкот “выбараў”.

 

– Што лепш рабіць дэмакратычным сілам: ісці на выбары ці байкатаваць іх?

 

– Толькі актыўны байкот. У ніякім разе нельга вылучацца ў якасці кандыдатаў, бо тым самым адбудзецца мабілізацыя электарату. Недапушчальна заклікаць людзей на выбары, мабілізаваць іх на выбарчыя ўчасткі. Разам з тым я лічу, што на стадыі збору подпісаў можна скарыстацца тымі магчымасцямі, якія яна дае, для агітацыі, раздачы ўлётак і гэтак далей.

 

Пакуль жа самае галоўнае, што трэба рабіць – інфармаваць насельніцтва пра палітвязняў, бо вельмі нязначная частка беларусаў ведае, што яны ў Беларусі ёсць. І ўжо бліжэй да “выбараў” трэба пачынаць агітацыю. У дзень жа галасавання мы павінны прысутнічаць у якасці назіральнікаў, каб засведчыць, колькі людзей насамрэч прыйдзе на ўчасткі, каб паказаць грамадзянам, што рэжым – нелігітымны. У гэтым наша галоўная задача і да яе мы павінны імкнуцца. Калі мы будзем ставіць некалькі задачаў – агітацыю, піяр – то тады мы не здолеем чагосьці дасягнуць.

 

– А як да выбараў ставяцца гомельскія дэмакратычныя сілы?

 

– Большасць лічыць, што ісці на “выбары” няправільна. Дый простыя грамадзяне ўдзелу ў “выбарах” не зразумеюць. Разам з тым лідэры некаторых партый з Менска заклікаюць сваіх актывістаў да ўдзелу, але я сумняюся, што яны здолеюць закрыць ўсе выбарчыя акругі. Тут на месцы мала хто хоча выступаць у ролі клоўна і ісці на “выбары”.

Болей навін