Шурхай: колькасць берасцейскіх прыхільнікаў байкоту пашыраецца

13 лютага 2012 08:39  |  Галоўныя навіны

Берасцейскі абласны каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Зміцер Шурхай лічыць недапушчальным удзел у “парламенцкіх выбарах”. Паводле яго словаў, простыя грамадзяне нават не збіраюцца ісці галасаваць.

 

– Чаму вы выступаеце за байкот парламенцкіх выбараў?

 

Я за байкот гэтых “парламенцкіх выбараў”!!! Галоўная прычына – улада ў краіне пасля “прэзідэнцкіх выбараў-2010” нелігітымная, так як большасцю нашых грамадзян  і міжнароднай супольнасцю тыя выбары не прызнаныя. Усю ўладу у краіне – заканадаўчую, выканаўчую і судовую – ажыццяўляе адзін чалавек, які узурпіраваў яе: Лукашэнка А.Г.

 

Таму “парламент” не з’яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам, яго існаванне носіць толькі фіктыўны характар, і таму няма ніякага сэнсу ў  гэтых выбарах. Удзел у гэтым фарсе –  гэта толькі легітымізацыя рэжыму. Тым больш у турмах да гэтай пары утрымліваюцца палітзняволеныя, іх жыццю пагражае небяспека, і як мінімум амаральна будзе выглядаць удзел дэмакратычных сіл у выбарах пры такіх умовах.

 

– Як да “выбараў” ставяцца прадстаўнікі іншых дэмакратычных партый і арганізацый вобласьці?

 

Як было ўжо заяўлена, Берасцейская Дэмакратычная Кааліцыя “Спадчына”, якая была створана ў свой час па ініцыятыве БХД, на сваім паседжанні адзінагалосна выказалася за байкот. Подпісы пад агульнай заявай паставілі абласныя кіраўнікі БХД,  БСДП (Народная Грамада), “Еўрапейскай Беларусі”, “Маладога Фронта” і інш.

 

Зараз праводзім сустрэчы і перамовы з астатнімі палітычнымі і грамадскімі суб’ектамі Берасьцейшчыны аб далучэнні іх да байкоту. Пакуль да нас прымкнулі аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларускі Рух” і прафсаюз РЭП.

 

– А якое стаўленне ў простага насельніцтва?

 

Пры размовах з простымі грамадзянамі становіцца зразумела, што ні на якія выбары пры рэжыме Лукашэнкі беларускі народ, звычайныя грамадзяне, ужо не пойдуць. Яны разумеюць, што гэта звычайны падман і фальсіфікацыя.

 

Тым не менш у сваю чаргу мы будзем даносіць да грамадзян інфармацыю пра неабходнасць байкота праз масавы распаўсюд улётак, бо іншых магчымасцяў інфармавання пакуль няма.

Болей навін