У Рагачове затрымалі мясцовага каардынатара аргкамітэту БХД

14 лютага 2012 08:43  |  Галоўныя навіны

У Рагачове 14 лютага быў затрыманы мясцовы каардынатар аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Дзяніс Дашкевіч.

 

Прыкладна ў 8:30 да яго ўварваліся міліцыянты, якія даставілі яго ў Рагачоўскі РАУС. Там яму ўручылі позву ў РАУС на 11:00. Выкліканы ён у якасці сведкі.

 

Як патлумачыў Дзяніс Дашкевіч, супраць яго пададзеныя 4 позвы, у тым ліку старшынёй гарвыканкаму Віктарам Банчуком і галоўным рэдактарам праўладнай газеты “Свабоднае слова”.

 

Актывіст звязвае свой выклік у РАУС і затрыманне з дзейнасцю мясцовага грамадзка-палітычнага навіновага сайту http://vrogacheve.ru/. Паводле яго словаў, сайт, хоць і ўзнік не так даўно, стаў самым папулярным рагачоўскім навіновым рэсурсам. Яго наведваемасць складае каля 400 чалавек за дзень супраць 80-90 наведвальнікаў сайту “Свабоднага слова”. На сайце неаднаразова ўздымаліся мясцовыя праблемы (з транспартам, ЖКГ і іншым), крытыкаваліся дзеянні ўладаў.

 

Дзяніс Дашкевіч паведаміў, што падчас яго знаходжання ў РАУС яму патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся Віктарам Банчуком і прапанаваў яму добрую працу ў абмен на нейтральны змест сайту http://vrogacheve.ru/. У адваротным выпадку ён пагражаў “закрыць” актывіста па любым з артыкулаў.

 

“Я на ніякія ўгоды з рэжымам ісці не збіраюся”, – адзначыў каардынатар БХД.

Болей навін