Тацяна Севярынец: пракуратура пляваць хацела на Ганчарэнку і на іншых людзей

14 лютага 2012 11:52  |  Палітыка

Каардынатарка аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Тацяна Севярынец атрымала адказ з Віцебскай абласной пракуратуры на просьбу ўмяшацца ў сітуацыю з Валерам Ганчарэнкам, якога трымаюць у ізаляцыі ў Багушэўскім абласным сухотным шпіталі.

 

У адказе з пракуратуры паведамляецца, што Тацяна Севярынец не мае права звяртацца ў пракуратуру наконт Валера Ганчарэнкі, паколькі ў яе няма даверанасці на права прадстаўляць яго інтарэсы ці пасведчання яго апекуна. Адказ падпісала пракурор Алена Казлова.

 

“На мае звесткі, што Ганчарэнку трымаюць у ізаляцыі ад усіх людзей, нават ад іншых хворых, пракуратура ніякай заўвагі не звярнула. Там толькі паведамілі, што я магу звярнуцца ў Віцебскае абласное ўпраўленне аховы здароўя па Віцебскай вобласці ў вызначаным законам парадку, г.зн. зноў-такі з даверанасцю ці рашэннем суду. Але ж мне пракурор Арэхва, які прымаў маю заяву, сказаў, што на падставе заявы абласная пракуратура, упраўленне аховы здароўя ці сенненская пракуратура павінны прыняць меры. А тут проста адмахнуліся”, – адзначыла ТацянаСевярынец.

 

“Я, канечне, чакала адпіскі, але каб так… Сваім адказам пракуратура паказала, што ёй пляваць і на Ганчарэнку, і на іншых хворых БОТБ, і на ўсіх астатніх”, – лічыць каардынатарка БХД.

 

Нагадаем, што інвалід другой групы Валер Ганчарэнка, хворы на адкрытую форму сухотаў, які ў нашай “сацыяльнай краіне” не можа атрымаць годнага лекавання, гатовы прынесці сябе ў ахвяру замест “бязвінна асуджаных “віцебскіх тэрарыстаў”. Па яго словах, ён не можа больш існаваць у такіх умовах.

 

12 снежня ён абвясціў галадоўку і адмовіўся ад прыёму медыкаментаў. На восьмы дзень галадоўкі ён быў змешчаны ў псіхіятрычнае аддзяленне. 28 снежня віцебскія актывісты і прадпрымальнікі перадалі гуманітарную дапамогу пацыентам Багушэўскага абласнога сухотнага шпіталю. У склад дапамогі ўвайшлі бялізна, вопратка (у тым ліку курткі, майкі, шкарпэткі), абутак, прадукты харчавання (30 кілаграмаў мандарынаў, столькі ж яблыкаў, 20 кілаграмаў печыва, 10 кілаграмаў цукерак), невялікая бібліятэка з 41 кнігі твораў на хрысціянскую тэматыку і зборнікаў вершаў Уладзіміра Некляева. У адказ Валера Ганчарэнку пачалі ўзмоцнена калоць заспакойлівыя прсіхатропныя рэчывы.

 

Тацяна Севярынец 1 лютага перадала ў абласную пракуратуру заяву з просьбай праверыць законнасць утрымання ў псіхіятрычным аддзяленні Багушэўскага сухотнага шпіталю сябра БХД Валера Ганчарэнкі.

Болей навін