Супраць Дзяніса Дашкевіча могуць завесці крымінальную справу
Рагачоўскаму каардынатару аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Дзянісу Дашкевічу пагражаюць крымінальным пераследам.
Пра гэта яму 14 лютага паведамілі ў РАУС Рагачова, куды яго прымусова прывезлі раніцай, каб уручыць позву ў якасц сведкі. Разам з тым справа супраць яго яшчэ не заведзена, улады таксама не вызначаліся па якім артыкуле яго пераследваць. “У такім разе я не разумею, у якасці сведкі каго ці чаго, мяне выклікалі ў РАУС”, – адзначыў актывіст.
Цікава, што заявы ў міліцыю на актывіста напісалі старшыня райвыканкаму Віктар Банчук і рэдактар праўладнай газеты “Свабоднае слова”.
Рэпрэсіі з боку ўладаў Дзяніс Дашкевіч звязвае з дзейнасцю сайту http://vrogacheve.ru, на якім уздымаюцца праблемы гараджанаў. “Я ўжо не першы год займаюся палітыкай, але такой агрэсіі не было даўно. З такім пераследам я пачаў сутыкацца менавіта пасля таго, як некалькі месяцаў таму ўзнік гэты сайт. Магчыма, гэта яшчэ звязана з тым, што ўсе дэмакратычныя сілы гораду выказваюцца за байкот парламенцкіх выбараў. Паводле нашай інфармацыі з райвыканкаму, улады вельмі разлічвалі, што хтосьці будзе прымаць удзел у выбарах, а тут мы заяўляем пра байкот”, – адзначыў ён.
Актывіст БХД паведаміў, што ў горадзе ўвогуле разразіўся вялікі грамадска-палітычны крызіс, вырашыць які ўлады спрабуюць шляхам рэпрэсій. Паводле яго словаў, улады абсалютна не вырашаюць гарадскія праблемы, заяўляючы, што ў горадзе ўсё і так добра. У якасці прыкладу ён прывёў сітуацыю з аўтобусамі, якія рухаюцца абсалютна не па раскладзе, прытым палова з іх стаіць без бензіну. “Стаўленне да гарадской улады выказалі жыхары гораду на нашым сайце. У адмысловым галасаванні за давер Банчуку прагаласавалі менш за 7% чалавек. У галасаванні ўдзельнічалі 500 чалавек з насельніцтва горада ў 35 тыс. чалавек. Пагадзіцеся, гэтыя лічбы пра нешта кажуць”, – падкрэсліў ён.
Разам з тым Дзяніс Дашкевіч прапануе ўладам правесці сумесны круглы стол, каб, аб’яднаўшы намаганні дэмакратычных сілаў і ўладаў, разам вырашыць гарадскія праблемы і не даводзіць “сітуацыю да ідыятызму”.