Мінюст зноў не зарэгістраваў БХД

15 лютага 2012 12:44  |  Галоўныя навіны

Міністэрства юстыцыі Беларусі ў чарговы раз адмовіла ў рэгістрацыі Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”.

 

“Гэта цалкам чаканы адказ Мінюста. Ён у чарговы раз пацвярджае, што ў Беларусі парушаюцца фундаментальныя правы чалавека, у тым ліку права на асацыяцыі і аб’яднанні. Рашэнне Мінюста, безумоўна, з’яўляецца палітычным і несамастойным. Яно прымалася на самым высокім узроўні. Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя займае вельмі нязручную для ўладаў пазіцыю. Яны хочуць мець толькі цалкам падкантрольную апазіцыю. Ім непатрэныя сілы, якія маюць незалежную пазіцыю”, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

 

Ён паведаміў, што БХД мае намер падаваць скаргу на рашэнне Мінюста ў Вярхоўны суд. “Але гэта будзе чыста сімвалічна, бо мы разумеем, што суды, як і Мінюст, у нашай краіне не маюць ніякай самастойнасці”, – сказаў Віталь Рымашэўскі.

 

У сваю чаргу адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі зазначыў, што “Мінюст зноў паказаў свой непрафесіяналізм і палітычную заангажаванасць”. “Рашэнне Мінюста – гэта хлусня, поўная лухта і здзек. Усе мы бачылі, як шляхам рэпрэсій, ціску і пагроз на заснавальнікаў БХД Мінюст ды іншыя органы ўлады дамагаліся гэтага рашэння”, – заявіў ён.

 

“Мінюст кажа, што на З’ездзе не хапала дэлегатаў. Так, гэта сапраўды было. Бо за два дні да З’езду дэлегаты ад Берасця Зміцер Шурхай і Алесь Чаркашын былі арыштаваныя за тое, што нібыта лаяліся ў сваім аўтамабіле на трасе Кобрын-Берасце”, – падкрэсліў ён.

Болей навін