Біскуп Сяргей Хоміч просіць ГУУС Мінска растлумачыць штурм хаты пастара

15 лютага 2012 15:53  |  Палітыка

Біскуп Аб’яднанай царквы хрысціян веры евангельскай (АЦ ХВЕ) Сяргей Хоміч папрасіў начальніка ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Барсукова даць афіцыйнае тлумачэнне штурму дома пастара царквы “Ян Прадвеснік” Антонія Бокуна, – паведамляе Хрысціянскі Мегапартал invictory.org.

Пра гэта ён заявіў у сваім лісце начальніку ГУУС, копія якога таксама адпраўлена Упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніду Гуляка.

“Прашу даць афіцыйнае тлумачэнне з нагоды падзеяў 8 лютага ў доме пастара царквы “Ян Прадвеснік”, – гаворыцца ў лісце.

Біскуп таксама адзначыў, што неправавыя дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў вядуць да павелічэння напружанасці ў беларускім грамадстве і дэстабілізуюць рэлігійную сітуацыю ў краіне.

“Мяне глыбока непакоіць той факт, што падобнае можа адбывацца ў нашай краіне, што людзі, якія не ажыццяўляюць ніякіх супрацьпраўных дзеянняў, могуць быць затрыманыя, вывезены невядомымі людзьмі ў невядомым кірунку, іх дом можа быць разгромлены, і ніхто, у тым ліку і супрацоўнікі праваахоўных органаў, не можа растлумачыць, што ж адбываецца. Тым больш незразумелыя гэтыя дзеянні ў адносінах да вернікаў, служыцеляў царквы, чыя дзейнасць ажыццяўляецца ў рамках статутнай дзейнасці зарэгістраванай абшчыны”, – падкрэсліў у сваім лісце біскуп Сяргей Хоміч.

Нагадаем, што 8 лютага ў прыватны дом, дзе пражывае пастар Антоній Бокун з сям’ёй, уварваліся людзі ў камуфляжы, разбіўшы вокны ў пакоі і на кухні, нягледзячы на тое, што дзверы былі не зачыненыя.

У доме праходзіла сустрэча “Ліцвінскага клуба”, на якую сабралася каля 50 чалавек. З іх 32 чалавекі пасадзілі ў аўтобус і адвезлі ў Маскоўскае РУУС, затым праз некалькі гадзін адпусцілі.

Болей навін