19 лютага ў Менску маліліся за вызваленне палітвязняў
Адмысловае служэнне, прысвечанае малітве за беларускіх палітвязняў, прайшло ў нядзелю 19 лютага ў пратэстанцкай царкве “Ян Прадвеснік”, якая сама два тыдні таму пацярпела ад спецназаўскага налёту. Прыхаджане царквы, а таксама родныя палітычных вязняў маліліся за іх хутчэйшае вызваленне і захаванне здароўя зняволеных.
Па словах пастара Антонія Бокуна хрысціяне ва ўсе часы дамагаліся ад уладаў справядлівасці і законнасці. Асаблівым чынам гэта патрэбна ў час, калі за кратамі працягваюць знаходзіцца незаконна асуджаныя:
– Малітва, таму што палітвязні патрабуюць, каб за іх маліліся. Госпад заўсёды патрабуе, каб маліліся за тое, каб беззаконня было менш, а праведнасці больш. І таму мы вырашылі прысвяціць служэнне, адмыслова гэты час, канкрэтна для малітвы ў гэтай патрэбе. Тым больш, што наш брат Зміцер Дашкевіч таксама адносіцца да тых, хто патрабуе гэтай малітвы.
Удзел у малітве апроч вернікаў царквы ўзяла жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, а таксама былы зняволены Васіль Парфянкоў.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года кіраўніцтва аб’яднання евангельскіх хрысціян асудзіла дзеянні ўладаў па разгоне мірнай дэманстрацыі 19 снежня.