Салігорскі выканкам у чарговы раз забараніў масавыя акцыі

20 лютага 2012 13:49  |  Палітыка

Замест таго каб гарантаваць грамадзянам свабоду сходаў, салігорскія чыноўнікі вынаходзяць новыя спосабы не даць дазволу на правядзенне масавых мерапрыемстваў.

 

Пікеты і мітынгі ў Салігорску, запланаваныя на 17-га, 18-га і 19-га лютага, забаронены старшынём Салігорскага раённага выканаўчага камітэту Аляксандрам Рымашэўскім на падставе артыкула 5 часткі 6 Закона “Аб масавых мерапрыемствах”. Дадзеная норма абавязвае прыкладаць да заявы на мітынг ці пікет абавязацельства ў пісьмовай форме па арганізацыі і правядзенні масавага мерапрыемства.

 

Заяўнік акцый, актывіст БХД Уладзімір Шыла падазрае чыноўніка ў схільнасці да мастацтва ілюзіянізму:

 

– Цягам двух месяцаў Салігорскі выканкам чапляўся да розных фармальных дробязяў у маіх заявах на масавыя мерапрыемствы, каб забараніць іх правядзенне. Калі ж заявы сталі наўпрост юрыдычна бездакорнымі, дык чыноўнікі, верагодна, вырашылі зрабіць з імі невялікі фокус.

 

На думку актывіста, пісьмовае абавязвальніцтва да заявы маглі выпадкова ці хутчэй наўмысна згубіць:

 

– Справа ў тым, што ў выканкаме рэгіструюць толькі заяву, а абавязальніцтва дадаецца на асобным аркушы паперы. Таму тут можна казаць або, як мінімум, пра халатнасць супрацоўнікаў выканкаму, або ўвогуле пра наўмыснае знішчэнне дакумента.

 

Зрэшты, Уладзімір Шыла здавацца не збіраецца. Па яго словах, ён ужо падаў новыя заявы на правядзенне пяці масавых мерапрыемстваў і гэтым разам запатрабаваў асобнай рэгістрацыі для аркуша з абавязальніцтвам.

Болей навін