Суд над Сяргеем Каваленкам. Дзень першы

22 лютага 2012 08:18  |  Палітыка

21 лютага суд Першамайскага раёну Віцебску пачаў разглядаць крымінальную справу супраць сябра КХП-БНФ Сяргея Каваленкі. Палітвязьня накіравалі ў медычную частку СІЗА для дасьледаваньня стану здароўя. Перапынак — да 14:00 22 лютага.

 

17.20 Сяргей Каваленка, калі яго выводзілі з залі суда, крыкнуў у бок судзьдзі: «Ведаеце, што мне сёньня сьнілася?! Бідон мёду, горкага, з чорным хлебам і малаком!»

17:17 Абвешчаны перапынак да 14-й гадзіны 22 лютага. Судзьдзя вырашыла накіраваць Каваленку у шпіталь СІЗА для дасьледаваньня стану здароўя.

17:15 Судзьдзя зачытвае дзьве карты выкліку «хуткай дапамогі». Лекар Дубакін піша, што стан бязь зменаў, але ёсьць зьмены ў стане крыві. Іншы лекар, Фадзееў, рэкамэнадваў больш глыбока вывучыць стан здароўя.

17:14 Людзей запусьцілі ў залю. Працэс адноўлены.

17:10 Каваленку вярнулі ў судовую залю. Ён пасьпеў крынуць: «Слава нацыі! Слава беларускаму народу!»

16:46 Каваленку нікуды пакуль не адвезьлі. Яго трымаюць у каравульным памяшканьні. Суд чакае афіцыйнага заключэньня мэдыкаў.

16:30 На гарачай лініі абласной управы аховы здароўя паведмілі, што Каваленку павезьлі шпіталізаваць у лязарэт СІЗА. Сваякі абураюцца, што трэба не ў лязарэт, а ў паўнавартасны шпіталь.

16:23 Каваленку вывелі пад канвоем. Ён пасьпеў крыкнуць: «Лекар сказаў, што трэба шпіталізаваць».

16:20 Абедзьве брыгады зьехалі. Мэдыкі не паведамілі вынікі агляду Каваленкі.

15:59 Сваякі Каваленкі патэлефанавалі на гарачую лінію абласной управы аховы здароўя, заявілі, што Сяргей на мяжы жыцьця і сьмерці, страціў траціну вагі, знаходзіцца ў крытычным стане, а лекары хуткай не хочуць яго шпіталізаваць. Там запісалі іх заяву.

15:48 Урэшце да Каваленкі дапусьцілі другую брыгаду лекараў.

15:36 Прыехала новая брыгада хуткай дапамогі. Міліцыя не прапускае лекараў у залю. Міліцыянты кажуць, што трэба дазвол старшыні суду.

Людзі клічуць адвакатаў, каб дапамаглі прапусьціць лекараў другой хуткай дапамогі.

Людзі грукаюць у дзверы, крычаць, але міліцыя не пускае новых лекараў да Сяргея.

Адвакаты выйшлі да лекараў, але не змаглі дапамагчы ім увайсьці у залю. Маці Каваленкі плача, бацька сварыцца на міліцыянтаў, людзі абураюцца.

Маці Сяргея плача: «У мяне сын памірае!»

15:20 Родныя Каваленкі выклікалі яшчэ адну брыгаду «хуткай дапамогі», бо ня вераць той брыгадзе лекара Дзьмітрыя Дубакіна, якая прыяжджала раніцай і пасьля абеду. У «хуткай» абяцалі праслаць новую брыгаду.

Лекар Дубакін сышоў, нічога не сказаўшы родным Каваленкі.

15:12 Перакладчык, які працуе ў працэсе, у калідоры размаўляе з бацькамі: «Трэба, каб адвакаты патрабавалі яго перавесьці пад падпіску аб нявыезьдзе». Бацька Сяргея Каваленка Аляксандар Васільевіч кажа перакладчыку: «Вы ведаеце, што ён зрабіў»? Перакладчык Міхайлаў: «Так, ён вывесіў наш сьвяты бела-чырвона-белы сьцяг. У мяне на палову сьцяны дома такі ж вісіць».

Перакладчык Міхайлаў кажа, што быў на ўсіх пасяджэньнях ранейшага суду над Каваленкам, але цяпер не разумее, за што яго судзяць.

14:59 Працэс адноўлены. Судзьдзя адхіліла адвод Каваленкі самой сябе, як «неабгрунтаваны».

Каваленка выступіў з хадайніцтвам, каб да яго дапусьцілі лекараў. Зноў перапынак. Усіх выводзяць з залі.

14:54 Зноў прыехала хуткая дапамога, той жа лекар, паведаміў праваабаронца Павал Левінаў.

Каваленка кажа, што яму халодна. Лекары не памералі яму тэмпературу.

Бацька Каваленкі абураецца і патрабуе дапусьціць лекараў да сына.

14:30 Працэс аднавіўся. Суду прадстаўлены новы перакладчык — Сяргей Міхайлаў, які працуе ў Віцебскім унівэрсытэце на катэдры беларускай філялёгіі.

Судзьдзя агучыла зьвесткі з хуткай дапамогі, якія сьведчаць, што ў Каваленкі «зьнясіленьне» і гастрыт страўніка у стадыі абвастрэньня, але што яму не патрэбная шпіталізацыя.

Каваленка патрабуе, каб яму ўсё перакладалі, у тым ліку ягоныя правы. Новы перакладчык робіць гэта больш кваліфікавана, чым папярэдні.

Пасьля абеду судовая заля зноў поўная.

Каваленка заявіў пратэст, што міліцыянты здымалі людзей у залі пасьля забароны відэаздымкі судом.

Міліцыянт сказаў, што ён не здымаў. Судзьдзя яго пакінула ў залі.

У сувязі з гэтым Каваленка заявіў адвод судзьдзі. За тое, што яна журналістаў з відэапаратурай выдаліла, а міліцыянта — не.

Адвакаты Пятро Каваленка і Аляксандар Галіеў падтрымалі адвод судзьдзі. Пракурор — супраць.

Судзьдзя пайшла ў дарадчы пакой. Перапынак. Сяргея зноў вывелі з залі.

12:50 На затрыманых у Віцебску маладафронтаўцаў, якія ехалі падтрымаць Каваленку, склалі пратаколы «за лаянку матам». Супрацоўнікі міліцыі таксама апісалі ўсе іх рэчы, паведаміла абласная каардынатарка БХД Тацяна Севярынец.

12:40 Перапынак да 14:30.

12:35 Судзьдзя выдаліла маці Каваленкі з залі.

Судзьдзя таксама выдаліла з залі грамадзкага актывіста Хрыстафора Жаляпава.

Судзьдзя агучыла мэдычнае заключэньне: ціск нармальны, кардыяграма нармальная, падсудны можа ўдзельнічаць у працэсе.

12:10 Каваленку вывелі з залі суду. Ён пасьпеў паведаміць: усё нармальна, сказаў доктар. Маці і родныя абураюцца. Лекар хуткай Дзьмітры Дубакін ад камэнтароў пра стан Сяргея адмовіўся. Лекар не сказаў нічога ні журналістам, ні родным Каваленкі.

Дубакін сказаў аднаму зь віцебскіх апазыцыянэраў Уладзіславу Варанецкаму: паказьнікаў для экстраннай шпіталізацыі няма. Ён жа ў сьвядомасьці, усе паказьнікі ў норме.

11:50 Усіх выдалілі з залі. Лекары, якіх выклікала жонка Алена, пачынаюць агляд. Жонку Алену не пусьцілі ў залю ў часе агляду.​​

Усе, апрача адвакатаў, пракурора і судзьдзі, стаяць у калідоры. Усе абураюцца: як так можна, Каваленку судзяць, яго трэба лячыць, яго трэба ў шпіталь, чалавек на мяжы жыцьця і сьмерці.

Маці нема крычыць, што яго забіваюць. Сваякі таксама галосяць.

Прысутныя кажуць, што ў Каваленкі дыстрафія, што ўнутраныя органы не выконваюць свае функцыі.

Імправізаваны мітынг у калідоры, пакуль лекары аглядаюць Каваленку.

Праваабаронца Павал Левінаў кажа, што такія схуднелыя целы, як у Каваленкі, ён бачыў толькі ў фільмах пра канцлягер.

Маці Сяргея галосіць: «Як мне цяжка і балюча! Я цяпер адчула, як цяжка іншым палітвязьням і іх родным. Я цяпер іх разумею».

11:48 Судзьдзя забараняе фота- і відэаздымку ў залі. Сяргей Каваленка кажа, што мае хадайніцтва да суду, каб яго агледзелі лекары: «У мяне дыстрафія, я страціў 25 кіляграмаў».

11:45 Судзьдзя зачытвае рашэньне па самаадводзе перакладчыцы. Суд спыніў яе працу ў працэсе.

11:42 На працэсе прысутнічае Яніс Рупэйкс, віцэ-консул Латвіі ў Віцебску. Да суду прыехала хуткая дапамога.

11:33 Сяргея зноў у кайданках выводзяць з клеткі. Маці падсуднага патрабуе выклікаць хуткую дапамогу.

«Пі ваду, інакш памрэш да раніцы!» — крычыць маці сыну наўздагон.

11:25 Судзьдзя вярнулася і заявіла, што адхіляе адвод перакладчыцы. Працэс адноўлены.

Каваленка патрабуе, каб яму пераклалі пастанову судзьдзі. Перакладчыца Шухто перакладае, але часам зьбіваецца, Сяргей яе папраўляе: «Не падляжыць, а падлягае, не абаснаваньне, а абгрунтаваньне. Адвод!»

Перакладчыца кажа, што яна ня можа выконваць сваю функцыю, што выкладае беларускую мову, але ў такім працэсе ўдзельнічае ўпершыню, не гатовая ўдзельнічаць далей: «Мне практычна не даводзілася яму перакладаць, я ня думала, што мне будзе патрэбна рабіць поўны пераклад».

Пракурора спыталі пра ягонае стаўленьне да самаадводу перакладчыцы. Але ён пачаў патрабаваць спыніць фатаздымкі. Судзьдзя яго спыніла: “У вас пацікавіліся стаўленьнем да самаадводу перакладчыцы”.

Усе з залі засьмяяліся з пракурора.

Урэшце ён зразумеў, чаго ад яго патрабуюць, і заявіў, што ня супраць самаадводу перакладчыцы.

Судзьдзя зноў выйшла ў пакой для нарадаў.

11:16 Каваленку вярнулі ў клетку.

Маці пытаецца: «Ці калолі табе нешта?» Ён кажа, што не.

Сяргей крытыкуе начальніка мэдычнай часткі СІЗА, які прымусіў яго ўжываць ежу.

«Я выходзіць з галадоўкі ня буду, пакуль адсюль ня выйду, гэта прынцыпова», — заявіў Каваленка.

Сяргей кажа, што будзе хадайнічаць, каб яго адвезьлі ў шпіталь.

11:10 У залі пачалася дыскусія наконт адказнасьці за рэпрэсіі міліцыянтаў і Аляксандра Лукашэнкі, наконт дзяржаўнага статусу беларускай мовы.

10:51 У перапынку Сяргей выказвае свае палітычныя погляды — кажа, што Лукашэнку дапамагла прыйсьці да ўлады ФСБ Расеі.

Беленькі працягвае пераконваць Каваленку спыніць галадоўку, кажа, што за яго заступіліся ў Эўразьвязе. Сяргея вывелі з залі.

Уся заля запоўненая, каля 60 чалавек.

Маці працягвае плакаць: «Яны яго заб’юць!». «Не аддам сына ў СІЗА, яны яго там заб’юць, яго лячыць трэба!» — галосіць маці.

10:47 Леанід Аўтухоў заявіў, што пераклад кепскі, з памылкамі. Судзьдзя яго выдаліла з залі за парушэньне парадку.

Каваленка заявіў пра парушэньне правоў, сказаў, што пераклад дрэнны, і выступіў з адводам перакладчыцы.

«Перакладайце на беларускую мову, а не на трасянку», — сказаў Каваленка.

Адвакат Пётар Каваленка просіць адкласьці пытаньне на некалькі хвілін, калі будуць адводы. Адвакат Галіеў падтрымаў яго, што пераклад недакладны.  Пракурор супраць адводу перакладчыцы, кажа што яна дастаткова кваліфікаваная.

У працэсе перапынак. Судзьдзя выйшла ў пакой для нарадаў.

10:40 Судзьдзя высьвятляе асобу Каваленкі. Той адказвае па-беларуску, перакладчыца перакладае за ім на расейскую мову.

Каваленка паведаміў суду, што ён мае дваіх дзяцей, да арышту быў ІП.

Распавядае, што раней быў судзімы за тое, што павесіў сьцяг — 14 траўня 2010 году. Яго асудзілі на тры гады ўмоўна. «Гэта была сфабрыкаваная справа. Хлусьня і няпраўда».

Судзьдзя заклікала Каваленку не дапускаць рэплік, якія парушаюць парадак вядзеньня суду.

«Я кажу праўду», — адрэагаваў Каваленка.

10:35 Суд пачаўся.

Перакладчыца — Алена Шухто, выкладчыца беларускай мовы адной зь віцебскіх школаў.

Пракурор — Лутаў.​​

10:30 Каваленка заявіў прысутным у залі, што ён трымае галадоўку 15 дзён, а апошнія 3 дні — сухую галадоўку.

Ён таксама паведаміў, што напярэдадні яго наведваў псыхіятар.

Каб паказаць, як ён схуднеў, Каваленка проста ў клетцы зняў кашулю.

У залі зьявіліся праваабаронцы зь «Вясны» Ўладзімер Лабковіч і Валянцін Стэфановіч.

10:26 Калі людзі пачалі заходзіць у залю, Каваленка пачаў сьпяваць гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

10:25 Па дарозе ў Віцебск спынілі супрацоўнікі ДАІ. У машыне ехалі Міхась Мускі, Зьміцер Крамянецкі, Уладзімер Яроменак, Рман Васільеў. Даішннікі перапісалі пашпартныя дадзеныя, разабралі й абшукалі машыну. Актывістаў МФ пакуль не не адпускаюць. Маладафронаўцы плянавалі падтрымаць палітвязьня Сяргея Каваленку.

10:22 Каваленку завялі ў будынак суду. Гэта бачыла ягоная маці. Яна плача: «Што вы зрабілі з маім сынам?! Вы яго скалечылі».

Пачынаюць запускаць у залю суду. ​​

10:16 У Сяргея будзе два адваката: віцебскі — Пётар Каваленкаі менскі — Аляксандар Галіеў.

10:09 У судзе затапіла каравульнае памяшканьне. Адтуль выпампоўваюць ваду.

Каваленку прывезьлі ў вялікім аўтазаку МАЗ.

У судзе таксама зьявіліся сакратар КХП-БНФ Валеры Буйвал іАляксандар Мех з Кобрына.

10:05 У судзе зьявіўся намесьнік кіраўніка КХП-БНФ Юрась Беленькі.

10:00 Супрацоўнікі ДПС затрымалі Хрыстафора Жаляпава. Ён ехаў на суд да Каваленкі. ДПС спыніла ягоную машыну. Сказалі, што трэба спраўдзіць ягоныя дакумэнты і машыну.

9:57 У судзе людзьмі запоўненыя ўсе калідоры на першым і другім паверхах. Прыйшоў праваабаронца Павал Левінаў. З-за аварыі ў судзе не працуюць прыбіральні.​​

9:54 Намесьніца кіраўніка «Маладога фронту» Наста Палажанка ў сваім Facebook’у: На ўсіх уездах у Віцебск машыны ДАІ.

9:30 У судзе зьбіраюцца грамадзкія актывісты і паплечнікі Каваленкі. Прыйшоў Леанід Аўтухоў з гарадоцкай філіі Партыі БНФ. Менскіх палітыкаў пакуль няма.

9:25 Да будынку суду прыехала аварыйная мясцовага водаканалу. Кажуць, што недзе побач прарвала трубу.​​

9:20 На першым паверсе будынка суду — узмоцненая ахова. Міліцыянты ўсталявалі рамку-мэталашукальнік. Праз такія звычайна прапускаюць наведвальнікаў працэсаў у Менску. Ля будынку суду дзяжураць тры машыны ДПС. Палкоўнік міліцыі з абласной управы ўнутраных спраў перапісвае асабістыя дадзеныя журналістаў, якія прыехалі асьвятляць працэс.​​

8:20 Віцебск: і зноў сьцяг салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам

Бел-чырвона-белы сьцяг вывесілі моладзевыя апазыцыйныя актывісты. Гэта працяг абвешчанай на мінулым тыдні акцыі салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам ды іншымі палітвязьнямі.

Сьцяг зьявіўся ў самым цэнтры гораду — у раёне плошчы Перамогі. Ён быў вывешаны каля крамы «Веста» на самым пачатку вуліцы Леніна. Яго бачылі дзясяткі ранішніх мінакоў.

Суд над Сяргеем Каваленкам мае распачацца ў 10.30.

Працэс будзе весьці судзьдзя Алена Жук.

Каваленку пагражае да трох гадоў турэмнага зьняволеньня.

Сяргей Каваленка знаходзіцца ў СІЗА ад 22 сьнежня.

Галадоўку ён распачаў 19 сьнежня на знак пратэсту супраць зьняволеньня і крымінальнага абвінавачаньня.

Каваленку вінавацяць, што ён парушыў рэжым адбываньня «хатняй хіміі», прысуджанай яму ў 2010 годзе за вывешаны на гарадзкой навагодняй ёлцы бел-чырвона-белы сьцяг.

На час сьледзтва Сяргея Каваленку зьмясьцілі пад варту — спачатку ў ізалятар часовага ўтрыманьня, потым у віцебскі СІЗА-2. На знак пратэсту супраць зьняволеньня і крымінальнага абвінавачаньня, зь якім ён катэгарычна ня згодны, 19 сьнежня мінулага году актывіст абвясьціў галадоўку пратэсту.

Жонка зьняволенага, Алена Каваленка, якая бачыла мужа 17 лютага, лічыць, што Сяргей у крытычным стане і што яму неадкладна патрабуецца дапамога мэдыкаў. Аднак намесьнік начальніка віцебскага СІЗА падпалкоўнік Дубко заявіў учора праваабаронцу Паўлу Левінаву, што стан здароўя Каваленкі дазваляе ўдзельнічаць у судовым працэсе.


Болей навін