Па дарозе на суд над Каваленкам затрымалі чатырох сябраў БХД
Чатыры сябры аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” з Воршы былі затрыманыя 22 лютага супрацоўнікамі ДАІ на выездзе з горада. Яны накіроўваліся на суд над віцебскім актывістам КХП-БНФ Сяргеем Каваленкам. Пра гэта паведаміў гарадскі каардынатар БХД Яўген Анішчанка.
Ува ўсіх актывістаў забралі пашпарты, перапісалі іх імёны, але пасля дакументы вярнулі. Разам з тым міліцыянты тры гадзіны не аддавалі дакументы кіроўцы аўтамабіля, на якім ехалі сябры БХД. На ўсе пытанні аб прычыне затрымання супрацоўнікі ДАІ адказвалі: “Для праверкі дакументаў”.
“Пратаколаў на нас не складалі, бо не было за што. Ведаючы аб учорашнім затрыманні менскіх актывістаў, я адразу папярэдзіў міліцыянтаў, што ўсю нашу размову я запісваю на дыктафон. Мабыць, таму яны нічога і не рабілі”, – адзначыў Яўген Анішчанка.
Нагадаем, што ў Віцебску на вуліцы Броўкі 21 лютага затрымалі пяцёх актывістаў БХД і МФ (Паўла Сітніка, Уладзя Яроменку, Рамана Васільева, Міхаіла Мускага, Змітра Крэмянецкага), якія ехалі з Менску на суд над мясцовым актывістам КХП-БНФ Сяргеем Каваленкам.