У Гомелі за антыалкагольную кампанію затрымалі сябраў БХД

23 лютага 2012 14:18  |  Палітыка

23 лютага ў Гомелі затрыманы тры актывісты, якія мелі намер правесці чарговую інфармацыйную акцыю ў межах грамадскай кампаніі «Хопіць піць — трэба жыць!».

У 12.20 каля ўнівермага «Гомель» актывісты пачалі раздаваць прахожым інфармацыйныя матэрыялы з заклікам «Хопіць піць — час сям’ю карміць і краіну бараніць!», а таксама віншаванні з Днём абаронцаў Айчыны.

 

Ва ўлётцы змяшчалася інфармацыя пра шкоду алкаголю, пра тое, што п’яныя людзі не могуць быць абаронцамі, а, наадварот, самі знаходзяцца на мяжы бедства. «Абаронца Айчыны, звярні свой позірк на галоўнага ворага, які паражае наша грамадства знутры. Абарані дзяцей і іх будучыню ад атруты, алкаголь — зброя генацыду!» — сказана ва ўлётцы.

 

Праз дзве-тры хвіліны да арганізатараў акцыі падышлі супрацоўнікі спецназу.

 

Не назваўшы сябе і не растлумачыўшы прычыны сваіх дзеянняў, яны затрымалі маладых людзей і адвялі ў невядомым напрамку. Інцыдэнт здымалі на відэакамеру невядомыя аператары ў цывільным.

 

Яшчэ адзін чалавек у цывільным падышоў да незалежнай журналісткі Ларысы Шчыраковай і стаў перашкаджаць праводзіць відэаздымку. Пасля таго як у канфлікт умяшаліся калегі журналісткі, невядомы растлумачыў свае дзеянні жаданнем «пазнаёміцца з прыгожай дзяўчынай» і пайшоў.

 

Затрыманыя зараз знаходзяцца ў Цэнтральным РАУС, вядзецца разбор. «Міліцыя і ўлады — супраць антыалкагольнай кампаніі, гэта значыць яны за тое, каб людзі співаліся, — пракаментаваў БелаПАН сітуацыю па тэлефоне адзін з затрыманых, Канстанцін Жукоўскі. — Дый самі яны, напэўна, нямала ўжываюць, вось ім і не спадабалася наша акцыя. На нас складаюць рапарты, верагодна, за распаўсюджванне ўлётак».

 

Разам з Жукоўскім у аддзеле міліцыі знаходзяцца сябар Нацыянальнай Рады БХД Дзмітрый Карашкоў і актывіст БХД Андрэй Папоў.

 

Кампанія «Хопіць піць — трэба жыць!» стартавала ў Гомелі ў канцы студзеня. Яе арганізатары размяшчаюць у людных месцах горада, на прыпынках грамадскага транспарту, а таксама раздаюць прахожым друкаваныя інфармацыйныя матэрыялы пра шкоду п’янства. Паводле меркавання ініцыятараў кампаніі, апатыя і безыніціятыўнасць грамадства непасрэдна звязана з масавым п’янствам.

Болей навін