У Яўгена Васьковіча забралі дасланы яму каляндарык
Палітвязень, сябар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Яўген Васьковіч даслаў чарговы ліст у Бабруйск сваёй бабулі Тамары Уладзіміраўне. Пра гэта яна распавяла прэсавай службе БХД.
“Усё добра, са здароўем усё ў парадку. Адносіны з людзьмі добрыя, прыніжэнняў тут няма”, – піша ён.
Палітвязень адзначае, што атрымаў ліст ад бабулі 8 лютага разам з лістом ад магілёўскай абласной каардынатаркі БХД Таісіі Кабанчук. Ён паведамляе, што даслаў ліст і Таісіі Карпаўне, але яна яго пакуль не атрымала.
Яўген Васьковіч піша, што атрымаў ад бабулі катэхізіс і каталіцкія абразкі. Разам з тым у яго забралі каталіцкі каляндарык. Сябар БХД адзначае, што мае намер перапісвацца па магчымасці з бабруйскім пробашчам Юр’ем Быкавым, і просіць у бабулі дасылаць яму канверты з маркамі для перапіскі з замежжам.
Таксама Яўген просіць даслаць яму звесткі пра ягоных продкаў і сваякоў, каб ён мог заняцца сваім радаводам, які закінуў яшчэ будучы на волі.