Уратаваць Сяргея Каваленку!
Дыктатарскі рэжым у Беларусі забівае Сяргея Каваленку.
Сяргей Каваленка быў асуджаны ў траўні 2010 года да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне нацыянальнага сцяга на галоўнай елцы Віцебска на Раство 7 студзеня таго ж года. 19 снежня 2011 года яго затрымалі, абвінаваціўшы ў чатырох парушэннях, якія ён нібыта здзейсніў, адбываючы пакаранне. Па артыкуле 415 КК яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. 20 снежня актывіст аб’явіў галадоўку пратэсту. 22 лютага 2012 года над ім распачаўся суд.
Відавочна, што і абвінавачванне, і пакаранне абмежаваннем волі за сцяг, і гвалт над сваякамі Сяргея, і “медычныя агляды”, і сам так званы суд – гэта дэманстратыўны здзек над правасуддзем і павольнае публічнае забойства чалавека, які два месяцы трымае галадоўку пратэсту.
Каваленку знішчаюць за тое, што ён уздымае нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг – сцяг беларускай свабоды, старажытны хрысціянскі сімвал, белую палатніну з крывёю ўкрыжавнага і ўваскрослага Ісуса, той самы, які ляжыць у аснове нацыянальных сцягоў Ангельшчыны, скандынаўскіх краінаў, Грузіі, Грэцыі, Швейцарыі ды іншых.
БХД звяртаецаца да беларускай і міжнароднай супольнасці з заклікам ужыць усе магчымыя спосабы ўплыву на рэжым Лукашэнкі ў справе Каваленкі. Гаворка ідзе пра жыццё і смерць чалавека, пра востры прыклад для ўсяго народу Беларусі.
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя заклікае беларусаў прыйсці на суд Каваленкі.
БХД заклікае замежных дыпламатаў прыехаць на абвяшчэнне прысуду.
БХД заклікае падтрымаць Сяргея і ягоную сям’ю салідарнасцю і малітвай.
Свабоду Сяргею Каваленку!