Віталь Рымашэўскі: Лукашэнка шукае новыя метады, каб захаваць хоць мінімальную падтрымку

24 лютага 2012 16:34  |  Палітыка

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі пракаментаваў той факт, што Лукашэнка прызнаў фальсіфікацыі на “Еўрафэсце” і прызнаў вінаватымі ў гэтым арганізатараў: Латушку, Давыдзьку і Шакуціна.

 

“Сённяшняя рэакцыя ўладаў на вынікі “Еўрафэсту” паказвае, што да Лукашэнкі ўсё-ткі даходзяць рэальныя і несуцяшальныя для яго лічбы падртымкі яго насельніцтвам Беларусі. Таму ён вымушаны шукаць новыя метады, каб захаваць нават тую нізкую падтрымку, якая ёсць, бо людзі былі вельмі абураныя фальшывымі і несправядлівымі вынікамі галасавання. Сваімі сённяшнімі дзеяннямі Лукашэнка фактычна падставіў пад сумнеў рэпутацыю ўсіх арганізатараў конкурсу, а гэта, перш за ўсё, – урадавыя і ўладныя структуры”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.

 

Сустаршыня БХД таксама звязвае такія паводзіны ўладаў з падзеямі ў суседняй Расеі. “Магчыма, Лукашэнка зрабіў высновы з дзеянняў сваіх расейскіх калегаў, якія прызвычаіліся рэагаваць не так жорстка, як ён, і больш ліберальна на пратэсты і незадаволенне грамадзянаў. Не сакрэт, што нашыя ўлады заўсёды азіраюцца на Расею і пераймаюць іх дзеянні”, – лічыць ён.

 

“Варта адзначыць, што фальсіфікацыі адбыліся не толькі падчас галасавання, але і пры адборы ўдзельнікаў на “Еўрафэст”. Беларусь на Еўравізіі павінны прадстаўляць тыя музыкі і выканаўцы, якія сапраўды карыстаюцца папулярнасцю ў людзей. На сёння ж самымі папулярнымі і паважанымі беларускімі музыкамі з’яўляюцца Лявон Вольскі і Сяргей Міхалок, якія заўсёды збіраюць на свае канцэрты поўныя залі”, – падкэсліў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін