Павел Севярынец: Прысуд, раўнасільны забойству
Палітвязень Павел Севярынец, які адбывае пакаранне за Плошчу-2010 у спецкамендатуры ў вёсцы Куплін, лічыць прысуд Сяргею Каваленку раўнасільным забойству.
Павел Севярынец:
– Прысуд Сяргею Каваленку проста люты. Чалавека, які два месяцы трымаў галадоўку, зараз проста забіваюць, кідаючы ў турму. Проста ламаюць чалавека. Гэта ёсць адказ на пытанне пра магчымасць дамовіцца з гэтым рэжымам. Нічога акрамя агіды да гэтага рэжыму ў мяне няма. Жонка, дзеці, родныя чакалі вызвалення Сяргея Каваленкі. Чалавеку трэба ратаваць сваё жыццё, сваё здароўе пасля такой галадоўкі. За парушэнне рэжыму ўтрымання даць такі прысуд – гэта проста здзек. Гэта проста забойства.
На думку Паўла Севярынца, беларусам трэба прачынацца, трэба аказваць супраціў гэтай бесчалавечнай уладзе, якая пачала забіваць за бел-чырвона-белы сцяг. Пачалі проста знішчаць людзей фізічна за адкрытае выказванне сваёй пазіцыі.