Віншуем з днём народзінаў палітвязня Яўгена Васьковіча!

26 лютага 2012 08:46  |  Галоўныя навіны

Палітвязень, сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Яўген Васьковіч cёння святкуе за кратамі свой дзень народзінаў. 26 лютага 2012 года яму спаўняецца 22 гады. Сярбы аргкамітэту БХД шчыра віншуюць Яўгена, жадаюць яму найхутчэйшага вызвалення і заклікаюць ўсіх неабыякавых людзей далучыцца да віншаванняў, даслаўшы лісты і тэлеграмы Яўгену Васьковічу на адрас: турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.

 

Нагадаем, Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасці зь беларускімі палітвязнямі. Яго абвінавацілі ў нападзе на будынак КДБ у Бабруйску, які адбыўся ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году. У нападзе ніхто не пацярпеў, а рэальныя страты склалі 253 тысячы рублёў, якія былі кампенсаваныя. Нягледзячы на гэта, Яўгена Васьковіча суд прысудзіў да сямі год зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

 

У сваім апошім слове хлопец назваў сябе ліцьвінам і дадаў, што яго святы абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасці: “За іх я ўмерці гатовы, бо жыцьцё кароткае, а радзіма вечная”. Скончыў Васьковіч свой кароткі выступ воклічам: “Жыве Беларусь!”.

Хаця хрысціянскія дэмакраты не падтрымліваюць такіх метадаў супраціву, наш абавязак – маліцца за Яўгена, дапамагаць яму і ягоным родным дзеля таго, каб малады хлопец мог зразумець: “не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром” (Рым., 12:21). БХД заклікае дасылаць палітвязню лісты са словамі з Пісання. Лісты падтрымкі неабходна пісаць на адрас: турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Васьковічу Яўгену Сяргеевічу.

Болей навін