Зварот бабулі Яўгена Васьковіча з нагоды яго дня народзінаў
26 лютага свой дзень народзінаў адзначае сябар БХД, палітвязень Яўген Васьковіч. У сувязі з гэтым публікуем зварот яго бабулі Тамары Ўладзіміраўны да ўсіх беларусаў.
“Жыццё суровае. Яго немагчыма пражыць без трывогаў і бедаў. Роўных сцежак нам яшчэ ніхто не зрабіў. Але ў жыцці трэба быць да ўсяго гатовым. І, на вялікі жаль, у свеце няма галоўнага – справядлівасці і людзі незастрахаваныя шмат ад чаго. Вось і ў маёй сям’і здарылася тое, чаго ніхто і ніколі не мог прадбачыць.
У траўні 2011 года майго ўнука Яўгена Васьковіча і двух прыхільнікаў анархізму, Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамалотава, бабруйскі суд прызнаў вінаватымі ў злосным хуліганстве і наўмысным нанясенні шкоды ў асабліва буйным памеры. Нягледзячы на тое, што шкода нанесеная будынку КДБ была нязначная – трохі больш за 253 тысячы беларускіх рублёў, суд прысудзіў усіх трох да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Спачатку Яўген адбываў пакаранне ў магілёўскай папраўчай калоніі № 15, а 12 кастрычніка 2011 года ён быў пераведзены ў магілёўскую турму № 4. За парушэнне рэжыму ўтрымання Яўгену прызначылі тры гады крытай турмы – паўгалоднай ізаляцыі і поўнай безабароннасці. Колькі ж дзён Яўген правёў у штрафным ізалятары за адмову аддаць канваірам Біблію, за адмову гуляць пад дажджом, за ўсмешку – падлічыць цяжка.
Гэта ж здзек! Да чаго мы дажылі!? Для нас, сваякоў Яўгена, гэта самыя чорныя дні, пражытыя ў жыцці. Душа чарнее ад болю. Здаецца, увесь свет разбураецца ад жорсткасці, карыслівасці, зласлівасці, чэрствасці, чалавеканянавісці, абыякавасці, якія квітнеюць у нашай Беларусі.
Аднак ёсць нямала людзей з цудоўнымі чалавечымі якасцямі: міласэрддзем, спачуваннем, спагадлівасцю, дабрынёй. З усіх канцоў Беларусі і іншых краін нам тэлефануюць людзі, дасылаюць палітвязням лісты, паштоўкі, моляцца ў касцёлах і цэрквах, атачаюць нас клопатамі, запрашаюць бацькоў і сваякоў сустрэцца з імі, каб палегчыць нашы фатальныя дні.
Шаноўныя сябры! Вы сваім спачуваннем, павагай загойваеце нашы раны, што наносіць жыццё. Усяляеце ў нас надзею, дадаеце сілаў, саграваеце сваёй цеплынёй, растайваеце ў нашых душах лёд. У вас хапае духовай цеплыні, энэргіі, шчырасці, каб палегчыць нашы пакуты.
За гэта цудоўнае разуменне, за дабрыню, спагадлівасць дзякуй вам, людзі, нізкі паклон. Мы, сваякі Яўгена, жадаем вам цёплага дому, звычайнага шчасця, моцнага здароўя. Няхай ваш дом будзе поўны радасцю, каб вы і вашыя дзеці жылі ў міры, ніколі не мелі страху перад будучыняй, былі спакойнымі за сваіх дзяцей, унукаў, праўнукаў! Поспехаў вам! Барані вас Госпад!
Ну а мы з надзеяй будзем чакаць хутчэйшага вяртання ўсіх палітвязняў і абавязкова нашага дарагога Яўгена. Жэнечка, жадаю табе вярнуцца здаровым, жыццярадасным. Няхай Госпад палегчыць твае пакуты, дась табе мудрасці, цярплівасці, спакою, пераносіць усе выпрабаванні, што ўстаюць на тваім жыццёвым шляху. Прасвятая Багародзіца, вазьмі яго пад Свой чысты покраў. Анёл-ахоўнік будзь з ім побач. Жэнечка, я веру, што і ў цябе будуць светлыя, радасныя дні. Трымайся, будзь мужным!
З аграмаднай удзячнасцю і вялікай павагай да вас, людзі, Васьковіч Тамара Ўладзіміраўна, бабуля Яўгена”.