Еўразійскі саюз vs Еўразвяз: новыя выклікі для грамадзянскай супольнасці Беларусі

27 лютага 2012 14:38  |  Галоўныя навіны

Піша сябар Нацыянальнай Рады БХД Зьміцер Кухлей

 

Упершыню надрукавана ў часопісе «Асамблея»

 

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года адносіны беларускага кіраўніцтва з Захадам былі безнадзейна сапсаваны, чым скарысталася расейскае кіраўніцтва і ўцягнула Беларусь ў  інтэграцыйныя праекты на постсавецкай прасторы, якія маюць на мэце аднаўленне геапалітычнай вагі Расіі ў сучасным свеце. У сітуацыі замарожаных стасункаў з заходнімі краінамі ў каротка- і сярэднетэрміновай перспектыве ўсходні вектар беларускай замежнай палітыкі будзе дамінаваць, што ў сваю чаргу істотна паўплывае на развіццё грамадзянскай супольнасці ў краіне, умовы існавання якой у Беларусі ў апошні год моцна пагоршыліся. Хутчэй за ўсё сітуацыя, у якой зараз знаходзіцца беларускі грамадскі сектар,  у бліжэйшы час будзе заставацца стабільна кепскай.


 Нягледзячы на тое што ў 2011 годзе Еўразвяз даваў шанец беларускаму кіраўніцтву збалансаваць націск усходняга суседа, які пасля снежаньскіх падзей 2010 года набыў выключны ўплыў на афіцыйны Менск, беларускі прэзідэнт не прыняў падставовых умоваў Еразвязу па наладжванню стасункаў. Афіцыйны Менск не скарыстаўся з магчымасці аднавіць дыялог з ЕЗ восенню мінулага года падчас саміту кіраўнікоў краін-партнёраў па ініцыятыве «Ўсходняе партнёрства», зрабіўшы  дэмарш і адклікаўшы сваю дэлегацыю з мерапрыемства. Пры гэтым беларуская грамадзянская супольнасьць працягвае сваю працу ў рамках ініцыятывы ЎП, у той час як афіцыйнае кіраўніцтва Беларусі спакусілася на «пернікі» ўсходняга суседа і цалкам патрымала інтэграцыйныя ініцыятывы кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі, якое прадугледжвае рэінтэграцыю постсавецкіх краін.           

 

Напрыканцы 2010 года прэзідэнты Расіі, Беларусі і Казахстана прынялі Дэкларацыю аб фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП), а таксама падпісалі шэраг пагадненняў аб дзейнасці АЭП і завяршылі фармаванне дагаворна-прававой базы гэтага аб’яднання. У 2012 годзе плануецца падпісанне дакументаў аб стварэньні новага амбіцыйнага праекта «Еўразійскі саюз», які павінен стаць галоўным кампанентам палітыкі Ўладзіміра Пуціна падчас яго чарговага прэзідэнцтва. Нягледзячы на тое што падобных інтэграцыйных ініцыятыў у розных сферах на прасторах былога СССР дастаткова шмат,  ніводную з іх нельга назваць цалкам паспяховай: Саюз Незалежных Дзяржаў, Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі, Мытны звяз, Еўразійская эканамічная супольнасць, Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Тым ня менш, менавіта зараз на постсавецкай прасторы складваюцца спрыяльныя ўмовы для ажыццяўлення пуцінскай ідэі аднаўлення былой магутнасці Расеі ў абноўленай версіі СССР – Еўразійскім саюзе.

 

У выпадку рэалізацыі інтэграцыйных памкненняў кіраўнікоў постсавецкіх краін беларуская грамадзянская супольнасць сутыкнецца з шэрагам выклікаў. Па-першае, большасць суб’ектаў незалежнага грамадства ў Беларусі арыентавана на інтэграцыю з Захадам, еўрапеізацыю краіны і мае шчыльныя кантакты менавіта з заходнім светам. Значная меншыя сувязі беларускія некамерцыйныя арганізацыі маюць з сваімі ўсходнімі суседзямі з-за слабасці гэтага сектара ў самой Расеі і адсутнасцю падтрымкі падобных кантактаў з боку дзяржаваў-саюзнікаў. Па-другое, расейскія, як і ўвогуле постсавецкія, эліты стрымліваюць развіццё грамадзянскай супольнасці ў сваіх краінах і тым болей не жадаюць ўзмацнення ўплыву грамадзянскай супольнасці на інтэграцыйныя працэсы, што значна адрознівае падыходы «еўразійцаў» ад «еўрапейцаў» у адносінах да інтэграцыі. Адпаведна ў адрозненні ад Еўразвязу ў «еўразійцаў» адсутнічаюць распрацаваныя механізмы падтрымкі і развіцця грамадзянскай супольнасці, павелічэнне яе ролі ў інтэграцыйных працэсах і ў краінах-чальцах. Па-трэцяе, культурныя і сацыяльна-псіхалагічныя перадумовы ў патэнцыйных краінах-чальцах Еўразійскага саюза не спрыяюць развіццю грамадзянскай супольнасці. Па-чацвёртае, пуцінскі праект інтэграцыі грунтуецца выключна на геапалітычных і эканамічных прыярытэтах: у РФ у адрозненне ад ЕЗ няма падставовых умоваў, якія павінны выконвацца для паглыблення інтэграцыі і атрымання ад яе адпаведных выгодаў: правы чалавека, развіццё дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці і самакіравання не ўваходзяць у лік прыярытэтных накірункаў для расейскага кіраўніцтва. Болей за тое, шэраг экспертаў і навукоўцаў падкрэсліваюць негатыўную ролю кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі ў распаўсюдзе аўтарытарных практык на былой постсавецкай прасторы і падтрымцы аўтарытарных кіраўнікоў, якія ствараюць перашкоды для развіцця грамадзянскай супольнасці ў сваіх краінах.

 

Еўразійскі саюз не можа стаць для беларускай грамадзянскай супольнасці ўсходнім аналагам Еўразвяза, таму што ўсе патэнцыйныя краіны-чальцы Саюза з’яўляюцца краінамі з аўтарытарнымі рэжымамі, дзе становішча грамадзянскай супольнасці і сітуацыя з дэмакратычным працэсам у апошнія гады або пагоршылася (Расея) або застаецца стабільна кепскай (Беларусь і Казахстан). У постсавецкім рэгіёне (акрамя Прыбалтыкі) няма ніводнай краіны, якую па метадалогіі Freedom House можна акрэсліць як свабодную: сем дзяржаў вызначаюцца як несвабодныя і пяць як часткова свабодныя [Puddington, 2011]. За апошнія два гады з часу прэзідэнцтва Віктара Януковіча Ўкраіна, якая таксама разглядаецца як патэнцыйны чалец Еўразійскага саюза, згубіла свой статус свабоднай на часткова свабодную краіну. Як заўважае Мікола Рабчук, украінская посткамуністычная трансфармацыя “падвісла” паміж дысфункцыйнай дэмакратыяй і некансалідаваным аўтарытарызмам [Рябчук, 2010]. Міхаэль Эмерсан адносіць Арменію, Грузію, Малдову і Украіну да групы пераходных краінаў, а Беларусь і Азербайджан да “узнікаючых дынастый”, у якіх у той ці іншай ступені праяўляюцца тэндэнцыі да спадчыннай перадачы ўлады [Emerson, 2009, c. 22].

Асаблівасцю постсавецкага рэгіёна з’яўляецца значная колькасць між- і ўнутрыдзяржаўных канфліктаў і вялікім уплывам такога міжнароднага актара як Расейская Федэрацыя, эліты якой пры фармальнай прыхільнасці да дэмакратычных каштоўнасцяў з 2004 году выбудоўваюць палітычную сістэму далёкую ад дэмакратычных стандартаў, акрэсліваемую як “электаральны аўтарытарызм”[Голосов, 2008].

 

Дэмакратычныму пераходу, развіццю і ўмацаванню грамадзянскай супольнасці ў постсавецкіх краінах, у тым ліку Беларусі, перашкаджае палітыка Расейскай Фэдэрацыяй, якая лічыць гэты рэгіён сваім геапалітычным прыярытэтам і ажыццяўляе прагматычную палітыку, скіраваную на прадухіленне пераходу постсавецкіх краін пад заходні ўплыў. Па сведчаннях экспертаў «вялікадзяржаўны канцэпт збірання зямель» будзе з’яўляцца галоўнай ідэяй Уладзіміра Пуціна падчас сваёй чарговай кадэнцыі ў якасці прэзідэнта РФ. У падмурку Еўразійскага саюза праглядаецца імкненне Расеі аднавіць сваю былую вагу на міжнароднай арэне і стаць яшчэ адным гэапалітычным полюсам сучаснага свету, а развіццё грамадзянскай супольнасці нават не разглядаецца ў парадку дня гэтых велічных планаў.

 

З’яўляючыся лідэрам у шматлікіх рэгіянальных аб’яднаннях на постсавецкай прасторы, а таксама павялічыўшы сваю геапалітычную вагу, Расея аказвае істотны ўплыў на ўзровень дэмакратычнага працэсу ў постсавецкім рэгіёне, і гэты ўплыў разглядаецца асобнымі даследчыкамі як негатыўны [Kastner, 2010; Ambrosio, 2006; Kagan, 2008].

 

Па-першае, расейскае кіраўніцтва аказвае фінансавую і дыпламатычную падтрымку асобным аўтрытарным кіраўнікам, якія выкарыстоўваюць антызаходнюю рыторыку і дэкларуюць сваім прыярытэтам інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй, як, напрыклад, Аляксандр Лукашэнка. З дапамогай газавай і нафтавай рэнты, міждзяржаўных крэдытаў Расея дазваляе беларускаму прэзідэнту ўтрымліваць кантроль у дзяржаве за кошт палітыкі папулізму, падтрыманню рэпрэсіўнага і ідэалагічнага апарату.

Па-другое, расейскія эліты бачаць незалежную грамадзянскую супольнасць як у сваёй, так і ў іншых постсавецкіх краінах як агента ўплыву Захаду і элементам знешняй палітыкі заходніх краін, з дапамогай якой апошнія жадаюць “навязаць” элітам гэтых дзяржаў заходнія каштоўнасці і вывесці іх з-пад расейскага ўплыву. Падобны погляд расейскіх эліт яшчэ болей узмацніўся пасля серыі каляровых рэвалюцый у краінах СНД, дзе значную ролю ў прыходзе да ўлады празаходніх палітыкаў гулялі структуры грамадзянскай супольнасці, а аўтарытарныя кіраўнікі, якіх падтрымала Расея, атрымалі паразу.

 

Варта зазначыць, што беларуская грамадзянская супольнасць сапраўды ў сваёй пераважнай большасці з’яўляецца прыхільнікам інтэграцыі з заходнім светам і негатыўна ацэньвае ролю Расеі ў станаўленні беларускага аўтарытарызму. Пры гэтым значная колькасць незалежных беларускіх грамадскіх арганізацый аб’ядналіся вакол Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці, які з’яўляецца праектам Еўразвяза і прапануе цэлы шэраг механізмаў уплыву грамадскага сектара на працэс прыняцця рашэнняў у рамках ініцыятывы Ўсходняе Партнёрства. Нічога падобнага ніколі не прапаноўвалася Масквой у рамках сваіх інтэграцыйных праектаў, якія канцэнтруюцца на геапалітычных і эканамічных прыярытэтах, а таксама часта з’яўляюцца прадуктам, што выкарыстоўваецца маскоўскімі паліттэхнолягамі для ўнутраннага спажывання і прыцягнення на свой бок па-імперску настроенага электарата.

 

Акрамя таго, у самой Расейскай Федэрацыі з 2004 года рэалізуецца паслядоўная стратэгія дамінаваньня дзяржавы і ўбудавання грамадзянскай супольнасці ў грамадска-палітычную сістэму. Двума найбольш важнымі прыкметамі гэтай стратэгіі сталі стварэнне Грамадскай палаты, выкарыстаньне яе як адзінага канала сувязі з дзяржавай і прыняцце паправак у заканадаўства аб некамерцыйных арганізацыях, якія ўступілі ў дзеянне з 2006 года і ўтрымлівалі рэпрэсіўныя моманты ў дачыненні да некамерцыйнага сектару. Рэалізацыя гэтай стратэгіі прывяла да істотнага звужэння магчымасцяў грамадзянскай супольнасці ўплываць на сацыяльна-палітычныя працэсы ў расейскім грамадстве. Як і ў Беларусі ўзровень уплыву і аўтарытэт няўрадавых арганізацый у Расеі застаюцца вельмі нізкімі, а ўладныя структуры не ідуць на супрацоўніцтва з такімі арганізацыямі і бачаць у іх апазіцыйны пачатак, які перашкаджае бестурботнай працы бюракратычнай машыны[Канунников, 2011].

 

Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што Расею і надалей чакае развіццё па сцэнары аўтарытарнага кіравання, асабліва ў выпадку вяртання на пасаду прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Нават за часы вонкава «ліберальнага» прэзідэнта Дзмітрыя Мядзведзева Расея ўсё болей спаўзала ў аўтарытарызм, дзе адносіны да грамадзянскай супольнасці мала чым адрозніваліся ад беларускай рэальнасці.

 

Акрамя таго на постсавецкай прасторы, у тым ліку ў Беларусі, адсутнічаюць культурныя і сацыяльна-псіхалагічныя перадумовы развіцця грамадзянскай супольнасці. Беларускае насельніцтва мае шмат у чым падобныя рысы, якімі Алена Басіна характэрызуе расейскага грамадзяніна:

 

            – нежаданне, якое перажываецца як немагчымасць і няздольнасць ўзяць на сябе адказнасць за тое, што адбываецца ў грамадстве, і нават за ўласнае жыццё;    
            – інфантыльнае адчуванне ўласнай асабістай неадказнасці ні за што;

            – перакладанне адказнасці, віны, рашэння праблем на кагосьці іншага (у выніку – на ўладу);
            – эгалітарысцкае разуменьне справядлівасці як «ураўнілаўкі», а ня роўнасці магчымасцяў;

            – нецярпімасць да адрозненняў у становішчы, прыбытках, інтарэсах і нават здольнасцях.

 

 

Невялікая колькасць адказных, кампетэнтных грамадзян у краінах былога СССР, якія з’яўляюцца асновай грамадзянскай супольнасці, значна звужае магчымасці для развіцця некамерцыйнага сектара ў рамках інтэграцыйных праектаў на постсавецкай прасторы. У той час як грамадзяне цэнтральна- і ўсходнеэўрапейскіх краін, якія абралі курс на еўраінтэграцыю, мелі магчымасць праз вандроўкі і міжасабовыя кантакты вывучаць станоўчы досвед пабудовы грамадзянскай супольнасці ў Заходняй Еўропе, беларусы ў выпадку паспяховай рэалізацыі праекта Еўразійскага саюза будуць вымушаны пераймаць у сваіх усходніх партнёраў вопыт пабудовы «суверэннай дэмакратыі».

 

Такім чынам, перспектывы развіцця грамадзянскай супольнасці Беларусі ў рамках Еўразійскага саюза выглядаюць даволі цмяна. У адрозненні ад Еўразвяза ў еўразійцаў сярод падставовых каштоўнасцяў інтэграцыі адсутнічаюць такія паняцці як дэмакратыя, грамадзянская супольнасць і правы чалавека. Адпаведна ў рамках інтэграцыйных ініцыятыў на постсавецкай прасторы не распрацоўваюцца механізмы ўдзелу ў гэтых праектах грамадзянскай супольнасці: пуцінскі праект «СССР 2.0» не прадугледжвае асобную ролю грамадскага сектару ў інтэграцыйных ініцыятывах. Беларускі некамерцыйны сектар мае нашмат болей прывабныя магчымасці ў рамках ініцыятывы Еўразвязу «Усходняе Партнёрства», у рамках якой і будзе працягвацца развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі надалей.

 

Спіс літаратуры

Голосов Г.В. Электоральный авторитаризм в России / Г.В. Голосов // Pro et contra. – 2008. – № 1 (40), январь–февраль. – С. 22–35.

Канунников, Анатолий. Особенности становления гражданского общества в России [анлайн]. Интернет-проект информационно-аналитического Журнала «Политическое образование». Доступ праз Інтэрнэт: http://www.lawinrussia.ru/blogs/anatolii-kanunnikov/2011/06/01/osobennosti-stanovleniya-grazhdanskogo-obshchestva-v-rossii

РЯБЧУК, Микола. Украинская посткоммунистическая трансформация: между дисфункциональной демократией и неконсолидированным авторитаризмом [он-лайн]. Информационно-политический интернет-канал «Полит.Ру» . Доступ праз Інтэрнэт: <http://polit.ru/lectures/2010/06/01/ukraine.html>

Ambrosio, Thomas. The Political Success of Russia-Belarus Relations: Insulating Minsk from a ‘Color’ Revolution. Demokratizatsiya, Summer, 2006, v.14, no.3 – p.p. 407-434.

Emerson Michael. The Long and Hazardous Route to Democracy: Introduction and Conclusions. In M. Emerson and R.Youngs, eds., Democracy’s Plight in the European Neighbourhood: Struggling transitions and proliferating dynasties, Brussels: The Centre for European Policy Studies, 2009. – pp. 1-30.

Kagan, Robert. The Return of History and the End of Dreams / Robert Kagan. –  NY: Alfred A. Knopf , 2008.- 116 p.

Kastner, Antje. Russia : supporting non-democratic tendencies in the Post-Soviet space? / Antje Kastner. – In: Briefing Paper / Deutsches Institut fur Entwicklungspolitik (Bonn), (2010) 2, P. 1-4.

Puddington, Arch (2011). Freedom in the World 2011: The Authoritarian Challenge to Democracy. Retrieved from http://www.freedomhouse.org/images/File/fiw/FIW_Overview_2011.pdf

Болей навін