Віталь Рымашэўскі: Еўразвяз у чарговы раз паказаў слабасць

27 лютага 2012 16:58  |  Галоўныя навіны

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі пракаментаваў чарговае пашырэнне 27 лютага візавых санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў на 21 чалавека (суддзяў, пракурорскіх і міліцэйскіх працаўнікоў). Пры гэтым у спіс не патрапіў адзін са спонсараў рэжыму кіраўнік “Трайплу” Юрый Чыж.  

 

“Пашыраючы санкцыі ў дачыненні да 21 чалавека, замест абвешчаных раней 135-і, Еўразвяз у чарговы раз паказаў сваю слабасць, няздольнасць да рашучых дзеянняў, у тым ліку ва увядзенні моцных візавых абмежаванняў. Адначасова сённяшняя сітуацыя паказала, што лабізм інтарэсаў рэжыму як пасродкам шэрагу беларускіх апазіцыйных палітыкаў, гэтак і з выкарыстаннем еўрапейскіх бізнэсовых і палітычных структур прыносіць свой плён”, – адзначыў ён.

 

“Сённяшнія санкцыі – гэта спроба зрабіць добры выраз твару пры дрэннай гульні. Еўразвяз неаднаразова заяўляў, што значна ўзмацніць санкцыі, калі сітуацыя ў Беларусі пагоршыццца. Але яна пагоршылася, у нас з’явіўся новы палітвязень – Сяргей Каваленка, але да сур’ёзных дзеянняў Еўразвяз так і не перайшоў. Спіс з 21 чыноўніка – гэта кампрамісны варыянт, прыняты, каб ЕЗ не страціў свой твар”, – лічыць Віталь Рымашэўскі.

Болей навін