Павел Севярынец: Адказнасць нясе толькі Лукашэнка

28 лютага 2012 18:35  |  Палітыка

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Павал Севярынец пракаментаваў сітуацыю з адкліканнем беларускіх дыпламатаў з Польшчы і ЕС, а таксама прапановай уладаў кіраўнікам дыпмісій Польшчы і ЕС пакінуць Беларусь.

 

ПС: Вядома, гэта кепска, — кажа сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. — Адказнасць нясе толькі Лукашэнка. Ён губляе магчымасць балансаваць паміж Захадам і Усходам і сам заганяе сябе ў расійскую пашчу. Баюся, што ўсё паўтараецца па «амерыканскім сцэнары». Я маю на ўвазе дыпламатычны канфлікт 2008 года. Наступным крокам уладаў можа быць скарачэнне дыпмісіі Польшчы і Еўракамісіі да «амерыканскай квоты». Стратэгічна гэта выгадна Расіі. Мядзведзеў і Пуцін будуць падтрымліваць Лукашэнку, пакуль яны будуць мець магчымасць паглынаць Беларусь.

 

«НН»: Што рабіць незалежнаму грамадству ў гэтай сітуацыі? 

 

ПС: Вырашаць галоўную праблему — справіцца з рэжымам. Людзі павінны ўключацца ў кампанію байкоту, не толькі парламенцкіх выбараў, але і ўсё гэтай улады. Тут можа быць што заўгодна: ад талончыкаў у грамадскім транспарце да неглядзення «Еўрафэсту». У тым ліку на Захадзе павінны адчуць розніцу паміж Лукашэнкам і беларускім народам, што ён не адлюстроўвае інтарэсы народа.

 

«НН»: Ці можна чакаць павелічэння рэпрэсій?

 

ПС: Імавернасць ёсць. Першай мішэнню могуць стаць лідары незалежнага грамадства. Сакавік будзе цяжкім.

Болей навін