Суд па пазове БХД супраць ПК МТЗ адбудзецца 19 сакавіка
Суд Партызанскага раёна Менска паведаміў адказнаму сакратару аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Дзянісу Садоўскаму, што судовае паседжанне на ягоны пазоў на дзеянні Палацу культуры Менскага трактарнага завода адбудзецца 19 сакавіка.
Паседжанне распачнецца аб 11-й гадзіне па адрасе Сямашка, 33.
“Улічваючы беларускую судовую сістэму, тое што суд разгледзець нашую скаргу на дзеянні ПК МТЗ – гэта ўжо маленькая перамога, бо раней падобныя звароты нават не разглядаліся. Зразумела, што суд будзе палітызаваным, як і ўсе іншыя дзеянні ўладаў, звязаныя з БХД. Але, тым ня менш, мы працягнем і надалей змагацца за выкананне законаў і справядлівасці ўсімі магчымымі легальнымі метадамі”, – адзначыў ён.
Нагадаем, што падчас з’езду БХД 17 снежня а 17:30 па асабістым загадзе дырэктара ПК МТЗ у актавай залі, дзе адбываўся з’езд, было адключана асвятленне. Пры гэтым арэнда залі была своечасова і цалкам аплачана да 19:00. Асвятленне было адключанае, калі на сцэне з’явіўся забаронены беларускі музыка Лявон Вольскі.