Пастары евангельскіх цэркваў прапануюць змяніць рашэнне пра перанос працоўнага дня

02 сакавіка 2012 18:18  |  Грамадства

Шэраг пастараў беларускіх евангельскіх цэркваў накіравалі звароты ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адносна пераносу працоўнага дня з 9 сакавіка на нядзелю 11 сакавіка. Па меркаванні пастараў, нядзеля з’яўляецца днём, аддзеленым для багаслужэнняў і пакланення Госпаду, таму “рашэнне пра перанос працоўнага дня на нядзелю не выклікана неабходнасцю і пагарджае рэлігійнымі пачуццямі і ладам жыцця мільёнаў хрысціян”. Пастары звяртаюцца з прапановай “улічыць інтарэсы мільёнаў хрысьціян Беларусі, змяніць дадзенае рашэнне і адмовіцца ад пераносу працоўнага дня або перанесці яго на іншы дзень (не нядзелю)”.

Прыводзім тэкст звароту аднаго са звярнуўшыхся, пастара “Царквы Ян Прадвесьнік” хрысціян веры евангельскай Антонія Бокуна.

ЗВАРОТ

 

1 сакавіка 2012 г. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў падпісаны ўказ №119, згодна з якім у Беларусі працоўны дзень з пятніцы 9 сакавіка пераносіцца на нядзелю 11 сакавіка. Дадзенае рашэнне выклікае неразуменне ў мяне як служыцеля хрысціянскай царквы, паколькі нядзеля з’яўляецца днём, аддзеленым для багаслужэнняў і пакланення Госпаду. Ужо дзве тысячы год хрысціяне збіраюцца ў гэты дзень, у які наш Госпад Ісус Хрыстос уваскрос з мёртвых: “У той першы дзень тыдня ўвечары… збіраліся вучні Яго, прыйшоў Ісус” (Евангелле паводле Яна 20:19). У кнізе Дзеяў Апосталаў гаворыцца пра сабранні Царквы ў першы дзень тыдня (пасля суботы), г.зн. у нядзелю: “У першы дзень тыдня, калі вучні сабраліся для ламання хлеба…” (Дзеі 20:7).

 

Для нашай краіны, дзе хрысціянскія каштоўнасці з’яўляюцца традыцыйнымі, такое рашэнне пра перанос працоўнага дня на нядзелю не выклікана неабходнасцю і пагарджае рэлігійнымі пачуццямі і ладам жыцця мільёнаў хрысціян.

 

У сувязі з вышэйсказаным лічу неабходным улічыць інтарэсы мільёнаў хрысціян Беларусі, змяніць дадзенае рашэнне і адмовіцца ад пераносу працоўнага дня або перанесці яго на іншы дзень (не нядзелю).

 

Антоні Бокун, пастар “Царквы Ян Прадвесьнік” хрысціян веры евангельскай

Болей навін