Праваслаўная царква: нядзелю хрысціяне чакаюць увесь тыдзень

02 сакавіка 2012 18:47  |  Грамадства

Перанос працоўнага дня з 9 на 11 сакавіка выклікае неразуменне ў прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій.

1 сакавіка Прэзідэнт падпісаў указ № 119 аб пераносе працоўнага дня з пятніцы, 9 сакавіка, на нядзелю, 11 сакавіка. Такі перанос выклікае неразуменне не толькі ў праваслаўных вернікаў, але і ў прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх канфесій. 

 

Сёмы дзень тыдня хрысціяне традыцыйна прысвячаюць Богу, прыходзяць у храмы на набажэнства. Нядзеля – дзень для наведвання хворых, дапамогі блізкім, баўлення часу разам з сям’ёй. 

 

“Нядзелю ў хрысціянскіх сем’ях чакаюць ўвесь тыдзень. Сёмы дзень тыдня ўспрымаецца як дзень малітвы, дзень царкоўных набажэнстваў, – адзначыў у інтэрв’ю парталу Sobor.by прэс-сакратар Мінскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Сергій Лепін. – Будзем спадзявацца, што калі-небудзь людзі ўсё ж зразумеюць, што значыць для нас нядзеля і што азначае свята 8 сакавіка. Тым не менш, 11 сакавіка ў праваслаўных храмах будзе служыць Боская літургія, і мы, як звычайна, чакаем вернікаў на набажэнства”.

Шкадаванне адносна такога пераносу звязана і з тым, што 8 сакавіка прыпадае на дні Вялікага посту – самага строгага ў Праваслаўі. У гэты час Царква заклікае ўзмацніць малітвы, часцей бываць на набажэнствах. А для працуючых людзей нядзеля – гэта, як правіла, адзіны дзень, калі ў іх ёсць магчымасць прыняць удзел у Боскай літургіі.

Болей навін