БХД патрабуе адмяніць указ аб “працоўнай нядзелі”
Аргкамітэт па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” прыняў адмысловую заяву ў сувязі з прызначэннем нядзелі 11 сакавіка працоўным днём.
Заява
“Перанос працоўнага дня з пятніцы, 9 сакавіка, на нядзелю, 11 сакавіка, – гэта выяўленне антыхрысціянскай сутнасці сённяшняга рэжыму. Дзеля адзначэння сумнеўнага свята 8 сакавіка беларусаў пазбаўляюць права спакойна хадзіць у царкву, застацца з сям’ёй і адзначыць дзень, які належыць прысвячаць Богу.
Нядзеля – дзень, ў які для веруючага чалавека, за выключэннем асабліва неабходных прац, працаваць нельга. Нават у часы СССР простыя беларусы шанавалі царкоўныя святы і імкнуліся захоўваць нядзелю як дзень малітвы і супакою. Але для сённяшніх кіраўнікоў, якія ўзначальваюць краіну з тысячагадовай хрысціянскай гісторыяй, гэта, мяркуючы па ўсім, не мае значэння.
Супраць “працоўнай нядзелі” ўжо выказаліся прадстаўнікі ўсіх хрысціянскіх канфесій Беларусі. Гэтак, з крытыкай пераносу выходных выступіў прэс-сакратар Менскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Сергій Лепін, прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі кс. Юрый Санько, а пастары шэрагу евангельскіх цэркваў нават накіравалі зварот да кіраўніка краіны з просьбай адзмяніць “працоўную нядзелю”.
Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя ў сваю чаргу патрабуе з павагаю ставіцца да хрысціянскіх традыцый нашай краіны і адмяніць абсурдны ўказ аб “прызначэнні” нядзелі працоўным днём”.