У Бабруйску не хацелі адсылаць тэлеграму на імя Мясніковіча
У жыхароў дому па вуліцы Куйбышава, 50 у Бабруйску не хацелі прымаць тэлеграму, адрасаваную прэм’ер-міністру Міхаілу Мясніковічу. Пра гэта яны паведамілі прэсавай службе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.
Дом, у якім яны жывуць, на працягу вельмі доўгага перыяду не рамантаваўся, але на ўсе звароты жыхароў да гарадскіх уладаў правесці рэальную ацэнку стану канструкцый і камунікацый дому, яны атрымлівалі толькі адпіскі і заявы, што на іх так вылучаецца вельмі шмат грошаў.
Не вытрымаўшы, жыхары вырашылі напісаць скаргу на гарадскія ўлады прэм’ер-міністру Беларусі Міхаілу Мясніковічу. Для гэтага яны патэлефанавалі на нумар 166, каб прадыктаваць тэкст тэлеграмы. Напачатку тэлефаністы паставіліся ветліва да жыхароў дому, але, даведаўшыся да канца змест тэлеграмы, адмовіліся яе адсылаць. З іх словаў, пасылка падобных тэлеграмаў прадстаўнікам улады магчымая толькі па прад’яўленні пашпарту. На заўвагі жыхароў дому, што раней для адсылкі падобных тэлеграмаў ніколі не быў патрэбны пашпарт, а тэлефаністы паведамілі пра яго неабходнасць, толькі даведаўшыся змест тэлеграмы, кіраўніцы магілёўскай абласной службы 166 Алена Мікалаеўна Гуркова ніяк не рэагавала.
У выніку жыхары былі вымушаныя звярнуцца на гарачую лінію Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Пасля гэтага звароту ім патэлефанавалі са службы 166 і паведамілі, што тэлеграма Міхаілу Мясніковічу адасланая.