Палітвязьню-галадоўніку Сяргею Каваленку адмовілі ў спатканьні са сьвятаром (Відэа)

06 сакавіка 2012 21:23  |  Палітыка

Лідзія Каваленка, маці палітвязьня-галадоўніка Сяргея Каваленкі, 6 сакавіка была на «Валадарцы» на прыёме ў намесьніка начальніка турмы. Яна дамовілася, што да сына пусьцяць сьвятара.

 

Дзеля сустрэчы з Каваленкам быў запрошаны баптысцкі пастар, шматгадовы вязень ГУЛАГу Эрнст Сабіла. Планавалася, што той прыедзе ў СІЗА на наступны дзень, каб сустрэцца зь Сяргеем Каваленкам. Сабіла спадзяваўся ўгаварыць Каваленку спыніць галадоўку.

Жонка палітвязьня Алена Каваленка і маці аднесьлі заяву пра сустрэчу Сабілы і Каваленкі ў адміністрацыю турмы. Але там ім сказалі, што не дазволяць сустрэчы, бо на гэта яшчэ патрэбны дазвол Віцебскага суду.

Каваленка за час галадоўкі ўжо схуднеў да 55 кіляграмаў, у яго пачаліся праблемы з ныркамі, назіраюцца іншыя небясьпечныя сымптомы. 7 сакавіка, як паабяцала адміністрацыя «Валадаркі», яго павязуць на агляд у цывільны шпіталь. 

Пра гэта паведаміла жонка палітвязьня Алена Каваленка пасьля сённяшняй сустрэчы з мужам у СІЗА. Як паведаміла Алена, яе муж зьбіраецца працягваць галадоўку, пакуль яго цалкам не апраўдаюць.

 

Нагадаем, актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка асуджаны на 2 гады і месяц зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў парушэньні рэжыму адбыцьця «хатняй хіміі» за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.

 

Болей навін