Севярынец заклікае ў знак салідарнасці з Каваленкам вывешваць бел-чырвона-белыя сцягі

12 сакавіка 2012 10:32  |  Галоўныя навіны

Сяргей Каваленка быў асуджаны ў траўні 2010 года да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне нацыянальнага сцяга на галоўнай елцы Віцебска на Раство 7 студзеня таго ж года. 19 снежня 2011 года яго затрымалі, абвінаваціўшы ў чатырох парушэннях, якія ён нібыта здзейсніў, адбываючы пакаранне. 20 снежня актывіст аб’явіў галадоўку пратэсту. 24 лютага 2012 года яго засудзілі на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі.

Відавочна, што і абвінавачванне, і зняволенне волі за сцяг, і гвалт над сваякамі Сяргея, і “медычныя агляды” – гэта дэманстратыўны здзек над правасуддзем і павольнае публічнае забойства чалавека, які трэці месяц трымае галадоўку пратэсту.

 

Каваленку знішчаюць за тое, што ён уздымае нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг – сцяг беларускай свабоды, старажытны хрысціянскі сімвал, белую палатніну з крывёю ўкрыжавнага і ўваскрослага Ісуса, той самы, які ляжыць у аснове нацыянальных сцягоў Ангельшчыны, скандынаўскіх краінаў, Грузіі, Грэцыі, Швейцарыі ды іншых.

У сувязі з гэтым сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Павал Севярынец заклікае на паседжанні каардынацыйнай групу “За Волю” 14 сакавіка стварыць Агульнацыянальны камітэт уратавання Сяргея Каваленкі.

 

Апроч таго, ён заклікае 16 сакавіка ў знак салідарнасці з Сяргеем Каваленкам і іншымі беларускімі палітвязнямі вывесіць па ўсёй Беларусі бел-чырвона-белыя сцягі.

Болей навін