Валера Ганчарэнку вызвалілі з псіхіятрычнага аддзялення

14 сакавіка 2012 12:30  |  Галоўныя навіны

Пацыента Багушэўскай абласной сухотнай лякарні Валера Ганчарэнку вызвалілі з псіхіятрычнага аддзялення і змясцілі ў агульным. Пра гэта прэсавай службе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі паведаміла віцебская абласная каардынатарка аргкамітэту БХД Тацяна Севярынец.

 

Разам з тым дыягназ, выстаўлены Ганчарэнку 20 снежня, шызоіднае засмучэнне асобы, пакінулі без зменаў. Галоўурач БОТБ Наталля Лясная таксама папярэдзіла, што зноў змесціць актывіста ў псіхіятрычнае аддзяленне, калі пра яго будуць пісаць апазіцыйныя выданні. І ён ужо адтуль не выберацца, адзначыла яна.

 

“Я лічу, што вызваленне звязанае з адвакацкім запытам, які быў адасланы з нашай ініцыятывы. Хутчэй за ўсё, дакументы не былі належным чынам аформленыя, і галоўурачу трэба было неяк выкручвацца. Я лічу гэта нашай невялікай перамогай. Гэта значыць, што нашы намаганні не былі марнымі”, – адзначыла Тацяна Севярынец.

 

Нагадаем, што інвалід другой групы Валер Ганчарэнка, хворы на адкрытую форму сухотаў, які ў нашай “сацыяльнай краіне” не можа атрымаць годнага лекавання, 12 снежняабвясціў галадоўку і адмовіўся ад прыёму медыкаментаў. На восьмы дзень галадоўкі ён быў змешчаны ў псіхіятрычнае аддзяленне.

 

28 снежня віцебскія актывісты і прадпрымальнікі перадалі гуманітарную дапамогу пацыентам Багушэўскага абласнога сухотнага шпіталю. У склад дапамогі ўвайшлі бялізна, вопратка, абутак, прадукты харчавання, невялікая бібліятэка. У адказ Валеру Ганчарэнку пачалі ўзмоцнена калоць заспакойлівыя прсіхатропныя рэчывы.

 

Звароты Тацяны Севярынец ў віцебскую пракуратуру не прывялі да якіхсьці вынікаў. 1 сакавіка з яе ініцыятывы быў адасланы адвакацкі запыт наконт Валера Ганчарэнкі.

Болей навін