У Пінску падлічваюць шкоду, нанесеную камунальнікамі могілкам
На старажытных каталіцкіх могілках у Пінску падлічваюць шкоду, зробленую камунальнікамі ў канцы студзеня пры “санітарных працах”. Тады рабочыя, абсякаючы галлё з дрэў, апаганілі 15 пахаванняў.
Сваю віну чыноўнікі прызналі і прынеслі прабачэнні. У сувязі з тым, што ў момант разбіральніцтва выпаў снег і схаваў пашкоджанні, было вырашына ў першыя дні пасля яго сыходу праверыць надмагільныя пліты і крыжы. Камунальнікі запэўнілі, што ўсё выправяць, але краязнаўца Эдвард Злобін нагадвае, што ўжо пяць гадоў не могуць знайсці ахоўніка і правесці тэлефон для аператыўнага рэагавання:
– Улады абяцалі, што будзе ахоўнік на могілках і будзе праведзены тэлефон. Першы інцыдэнт адбыўся яшчэ ў 2009 ці 2010 годзе. Тады выхаванцы Дома сірот разбілі 27 помнікаў. Зараз усталяваны рэжым, калі няма праходу і зачыняюцца вароты.
Плануецца, што пры надыходзе цяпла на могілках будзе праведзена некалькі акцый па іх упарадкаванню. Усе зафіксаваныя пашкоджанні перададуць камунальнікам.