Нямецкі міністр Пофала патрабуе ад Менска перагледзець рашэнне аб нерэгістрацыі БХД

15 сакавіка 2012 08:17  |  Галоўныя навіны

Федэральны міністр Нямеччыны, дэпутат Бундэстагу Рональд Пофала звярнуўся да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі з патрабаваннем перагледзець рашэнне Міністэртства юстыцыі аб нерэгістрацыі Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Пра гэта ён паведаміў у сваім лісце да сустаршыняў БХД Паўла Севярынца, Віталя Рымашэўскага і Георгія Дзмітрука.

 

Апроч таго, ён папрасіў аб падтрымцы БХД генеральнага сакратара ХДС Германа Гроэ. “Факты адмовы ў рэгістрацыі і спробаў запалохвання цэлага шэрагу асобаў, якія падпісалі заяву пра рэгістрацыю партыі, з’яўляюцца чарговым пацверджаннем рэпрэсіўнай палітыкі кіраўніцтва беларускай дзяржавы. У дадзенай сітуацыі хачу вас запэўніць у нашай салідарнасці”, – адзначыў ён.


“Вам асабіста перадаю сардэчныя вітанні і глыбокую павагу у сувязі з тым, што вы, нягледзячы на высокі рэпрэсіўны ціск, працягваеце мужна адстойваць свабоду і хрысціянска-дэмакратычныя каштоўнасці. У вашай важнай працы жадаю вам вытрымкі, высокага ўзроўню падтрымкі і поспехаў”, – падкрэсліў Рональд Пофала.

Болей навін