БПЦ асуджае закон аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях (відэа)

15 сакавіка 2012 15:55  |  Грамадства

Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) асуджае прыняцце закона аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях. Пра гэта заявіў кіраўнік кірунку па абароне мацярынства і сямейных каштоўнасцяў Мінскай епархіі, іерэй Дзмітрый Грыцэнка 15 сакавіка ў Мінску на пасяджэнні круглага стала на тэму «Рэлігійны фактар нацыянальнай бяспекі Беларусі».

Паводле яго слоў, заканадаўчае замацаванне сурагатнага мацярынства ўраўноўвае Беларусь «з краінамі трэцяга свету, дзе жанчыны зарабляюць грошы, нараджаючы дзяцей на продаж».

 

Прадстаўнік БПЦ таксама выступіў супраць штучнага апладнення.

 

Паводле яго слоў, у законе шмат супярэчнасцяў з заканадаўствам Беларусі, яе духоўнасцю і традыцыйнай мараллю.

 

«З аднаго боку, там можна прачытаць аб тым, што эмбрыён, які мае чалавечую годнасць, не падлягае ніякім даследаванням. З іншага боку, праз два радкі гаворыцца, што калі зародак чалавечы ўзросту да 15 дзён, то можна на ім праводзіць даследаванні ў навуковых мэтах», — сказаў Грыцэнка.

 

Ён нагадаў, што напярэдадні прыняцця закона парламентам супраць яго выступалі і праваслаўная, і каталіцкая цэрквы, аднак дэпутаты не прыслухаліся да іх меркавання.

Акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Каваленя прапанаваў прадстаўнікам духавенства і навуковай грамадскасці падрыхтаваць зварот да парламентарыяў з просьбай перагледзець закон.

 

Законапраект аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогях (ДРТ) быў прыняты абедзвюма палатамі парламента ў снежні мінулага года і 7 студзеня падпісаны прэзідэнтам. Закон вызначае прававыя і арганізацыйныя асновы прымянення ДРТ і забеспячэнне правоў грамадзян пры іх прымяненні. Устаноўлена, што ДРТ з’яўляюцца метадам аказання медыцынскай дапамогі, гэта значыць могуць ужывацца толькі ў дачыненні да асоб, якія маюць праблемы з рэпрадуктыўным здароўем. Закон таксама ўтрымлівае палажэнні, што рэгулююць пытанні донарства палавых клетак, іх захоўвання і выкарыстання, а таксама заканадаўча замацоўваюцца правы пацыента пры ўжыванні гэтых тэхналогій. Прадугледжаная забарона на выкарыстанне эмбрыёнаў у навукова-даследчых мэтах. У дакуменце, акрамя іншага, вызначаны ўмовы і парадак прымянення метаду ЭКА, сурагатнага мацярынства і штучнай інсемінацыі. Пры гэтым упершыню вызначаны патрабаванні, што прад’яўляюцца да сурагатных маці, іх правы і абавязкі.

 

Болей навін