Смяротныя прысуды ў дачыненні да Кавалёва і Канавалава прыведзены ў выкананне
Як распавяла TUT.BY маці Уладзіслава Любоў Кавалёва, 17 сакавіка ў сваёй паштовай скрыні яна выявіла паведамленне з Вярхоўнага суда, датаванае 16-м сакавіка. Якія-небудзь падрабязнасці аб месцы і часу пахавання сына ёй невядомыя. Ці пакаралі смерцю Дзмітрыя Канавалава, ёй невядома. Пазней TUT.BY пацвердзілі, што Канавалаў таксама пакараны.
Вядома, што адвакат Кавалёва якраз рыхтаваў наглядную скаргу.
Нагадаем, 14 сакавіка стала вядома аб тым, што Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб непамілванні Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, асуджаных на смяротнае пакаранне за ўчыненне тэракту ў менскім метро 11 красавіка 2011 г..
Як раней паведамлялася, 11 сакавіка маці і сястра Кавалёва атрымалі з ім трохгадзіннае спатканне ў СІЗА КДБ.
Пасля спаткання сястра асуджанага Таццяна расказала: больш за ўсё яе ўразіла не тое, што брат выглядаў моцна стомленым, “які губляе баявы дух”, а стаўленне да іх высокага чыноўніка адміністрацыі ізалятара. Па словах дзяўчыны, ён быў занадта ветлівым, чаго не здаралася раней, адказваў на ўсе пытанні маці. Сваякам нават дазволілі выбраць Уладзіславу ў найбліжэйшай кнігарні кнігі ў мяккай вокладцы, накіраваць спіс асуджанаму, а тое, што ён абярэ, – затым набыць.