Айцец Аляксандр Надсан: Малюся за гэтых маладых людзей (відэа)
«Я малюся за хлопцаў і спачуваю іх родным», – сказаў Радыё Рацыя Апостальскі Візітатар для беларусаў грэка-католікаў замежжа і рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане айцец Аляксандр Надсан у справе смяротнага пакарання Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.
Айцец Аляксандр Надсан:
– Уважаю, што гэта не па-людску, не па-хрысціянску і не па-божаму. Часамі расследаванне доўжацца гадамі, а ў нас раз-два, вельмі сумніўныя доказы, і маладыя людзі згінулі. Я маліўся за гэтых маладых людзей. І малюся, каб іхняя ахвяра не прайшла дарэмна, каб схамянуліся ўлады, каб больш такога не было.
14 сакавіка Аляксандр Лукашэнка не памілаваў Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава. 17 сакавіка на адрас маці Улада Кавалёва прыйшло паведамленне з Вярхоўнага суда, што смяротны прысуд адносна яе сына быў выкананы. Паведамляецца і пра смяротнае пакаранне Дзмітрыя Канавалава.
Апроч таго, падчас казання на нядзельнай літургіі 18 сакавіка ў царкве Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Лондане айцец Аляксандар Надсан выступіў з прамовай пра смяротнае пакаранне, прысуд Канавалаву і Кавалёву, а таксама галадоўку Сяргея Каваленкі.
Нагадаем, што ў кастрычніку 2010 года Аляксандр Надсан падтрымаў кампанію за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі і падпісаў адпаведную петыцыю, перадае “Вясна”.