Уладзімір Шыла абскардзіць нематываваныя адказы салігорскіх чыноўнікаў у пракуратуры

22 сакавіка 2012 15:43  |  Палітыка

Ужо тры месяцы цягнецца барацьба актывіста БХД Уладзіміра Шылы за права на свабоднае выказванне свайго меркавання, правядзенне пікетаў, мітынгаў і шэсцяў. На свае заявы аб правядзенні такіх мерапрыемстваў актывіст стала атрымлівае нематываваныя незаконныя адмовы.

 

– Пару тыдняў таму я накіраваў у выканкам ліст, у якім запатрабаваў даваць юрыдычна карэктныя адказы, якія б утрымлівалі канкрэтныя фармулёўкі і аспрэчвалі мае довады. Чыноўнікі ж спасылаюцца адначасова на некалькі артыкулаў Закону без тлумачэнняў, – кажа Уладзімір Шыла.

 

20 сакавіка актывіст атрымаў чарговую адпіску за подпісам галоўнага ідэолага Салігорскага выканкаму М. І. Маскевіча. Чыноўнік сцвярджае, што адказы на звароты аб правядзенні масавых мерапрыемстваў адпавядаюць патрабаванням Закона “Аб масавых мерапрыемствах”.

 

– Такія фармулёўкі наупрост кажуць аб юрыдычнай некампетэнтнасці адказных супрацоўнікаў Салігорскага райвыканкаму. А можа гэта здзек ці нават сабатаж? – задае рытарычные пытанне заяўнік масавых мерапрыемстваў. – Бо ў дадзеным выпадку парушаецца Закон “Аб зваротах грамадзян”, а не Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, пра непарушнасць якога ў сваім адказе піша спадар Маскевіч.

 

Шукаць прыўды Уладзімір Шыла вырашыў у Салігорскай пракуратуры, куды падрыхтаваў адмысловую скаргу. Актывіст лічыць, што мясцовыя чыноўнікі парушылі артыкул 18 Закона “Аб зваротах грамадзян” (адказы мусяць быць абгрунтаванымі і матываванымі, змяшчаць канкрэтныя фармулёўкі, аспрэчваць або пацвярджаць довады заяўніка) і патрабуе пракурорскага рэагавання на дачу нематываваных і незаконных адказаў Салігорскім раённым выканаўчым камітэтам.

Болей навін