У Менску затрымалі і збілі сябара БХД Міколу Дземідзенку

23 сакавіка 2012 11:35  |  Палітыка

Інфармацыя аб вызваленьні 22 сакавіка затрыманых сябраў БХД і Маладога Фронту Яроменка, Мускага, Крэмянецкага й Васільева апынулася няпраўдаю — супрацоўнікі ізялатара па зав. Акрэсьціна наўмысна схлусілі й прыгатавалі пастку ды аблаву на маладафронтаўцаў, якія меліся сустрэць паплечнікаў.

 

«Калі мы падыйшлі да ізалятара на Акрэсьціна, там чакалі двое супрацоўнікаў у цывільным, адразу ж пры нашым падыходзе зьявіліся яшчэ трое, мы рушылі ў процілеглы бок, яны пайшлі за намі,» — узгадвае Кася Галіцкая.

 

«Мы пайшлі далей ад іх у парк, — апавядае Раман Пратасевіч. — Неўзабаве да дзьвярэй ізалятару пад’ехала спэцыяльная шэрая газэль з рознымі значкамі й вельмі хутка». Калі машына спынілася, зь яе выйшла 7-8 чалавек у цывільным і рушылі ў бок праспэкту Дзяржынскага.

 

«Хлопцы кінуліся ў розныя бакі, мы з Касяй пайшлі насустрач цывільным. Яны прайшлі міма нас, не спынялі, не затрымлівалі,» — распавядае Марыя Квіцінская. Адзін зь іх тэлефанаваў і казаў у слухаўку: «Эти п..оры пошли туда-то и туда-то».

 

«Мы разбегліся ў розныя бакі, праз хвілінаў 20 усе адзваніліся, што свабодныя й толькі Рамана Пратасевіча затрымалі. Аднак, калі мы патэлефанавалі Мікалаю Дземідзенку праз яшчэ паўгадзіны, ён быў недасягальны, што нас насьцярожыла,» — апавядае Кася Галіцкая.

 

«Каля трохузроўневага скрыжаваньня па пр. Жукава й Дзяржынскага за намі бяжалі
толькі двое, яны нас даганялі, — узгадвае Раман. — Пасьля затрыманьня гэтыя двое павялі мяне на запраўку. Туды пад’ехаў пазік, калі яго дзьверы адчыніліся, адтуль выляцела 17 амапаўцаў, яны на мяне накінуліся й паўтары хвіліны цягнулі мяне гэтыя 20 мэтраў да іх ў машыну.»

Па словах юнака, амапаўцы паводзілі сябе вельмі груба, размаўлялі вельмі жорстка, адразу забралі тэлефоны. Па рацыі Раман пачуў, што Дземідзенку затрымалі. І насамрэч, у хуткім часе Дземідзенка зьявіўся побач: «Міколу завялі ў пазік побач са мною, нас завезьлі на стаянку ізалятара па Акрэсьціна. Даглядзелі, абшукалі. Адзін амапавец ударыў Міколу па твары.»

 

Больш нікога амапаўцы ня здолелі злавіць і павезьлі схопленых у Маскоўскі раўс. Там двух маладафронтаўцаў завезьлі ў актавую залу, дзе ўжо знаходзіліся актывісты РПСС: Наста Шулейка, Міша Кастко, Седак, Мацавец ды інш.

 

Як паведаміў Раман Пратасевіч са спасылкаю на Насту Шулейку, актывістаў РПСС затрымалі людзі ў цывільным пры выхадзе з кавярні «Саюз онлайн» у доме афіцэраў.

 

«Калі я выходзіў папаліць, сустрэў Міколу й ён паведаміў, што на яго склалі пратакол. Хутчэй за ўсё яму інкрымінуюць арыткул 17.1,» — распавёў Раман Пратасевіч. Пазьней Рамана адпусьцілі без складаньня пратаколу.

 

На суткі паехалі Мікола Дземідзенка, Наста Шулейка, Міша Кастко.

Болей навін