Капыльскага актывіста БХД на Дзень Волі выклікалі ў пракуратуру

24 сакавіка 2012 14:30  |  Палітыка

Капыльскага актывіста аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віктара Дашкевіча на Дзень Волі выклікалі ў пракуратуру. Пра гэта ён паведаміў прэсавай службе БХД.

 

З яго словаў, 23 сакавіка пасля абеду да яго ў вёску Калодзезная Капыльскага раёну прыехаў участковы з суседняга сельсавету і ўручыў позву на 25 сакавіка ў раённую пракуратуру. У пракуратуры па тэлефоне актывісту паведамілі, што загад на ягоны выклік даў пракурор Менскай вобласці. “На маё пытанне, чаму мяне выклікаюць у нядзелю, калі пракуратура не працуе, мне адказалі, што для мяне пракуратура працаваць будзе”, – адзначыў Віктар Дашкевіч.

 

Разам з тым сябар аргкамітэту БХД адзначыў, што ў нядзелю ён фізічна не зможа патрапіць ў Капыл, бо рэгулярны транспарт ў гэты дзень не ходзіць.

 

Віктар Дашкевіч таксама паведаміў, што падобны выпадак з ім адбыўся ў мінулым годзе, калі 7 кастрычніка, напярэдадні Народнага сходу, яго выклікалі ў пракуратуру на суботу, 8 кастрычніка.

Болей навін