Міліцыя пасадзіла на суткі… машыну Вадзіма Кабанчука

25 сакавіка 2012 18:36  |  Палітыка

Сябар Нацыянальнай рады аргкамітэту па стварэнні Партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Вадзім Кабанчук, затрыманы ўдзень ля Опернага тэатра, без тлумачэння прычынаў быў адпушчаны каля 18-й гадзіны з Цэнтральнага РАУС Менска.

 

Пры гэтым ягоны аўтамабіль, якім ён кіраваў падчас затрымання, застаўся ў міліцыі. Па словах міліцыянтаў, яго нумары будуць правяраць на магчымасць угону. Вернуць аўтамабіль сябру БХД толькі праз некалькі дзён.

 

Нагадаем, што ў Менску ля Опернага тэатра міліцыянты 25 сакавіка спынілі аўтамабіль Вадзіма Кабанчука, а самога яго затрымалі. За машынай людзі ў цывільным з рацыямі сачылі яшчэ пры выездзе з двару, дзе знаходзіцца офіс БХД. Аднак затрымаць яе вырашылі толькі ля Опернага тэатра. Актывісты, якія разам з Вадзімам Кабанчуком знаходзіліся ў аўто, здолелі ўцячы, не будучы затрыманымі. У аўтамабілі знаходзіўся шэраг матэрыялаў і расцяжка да мітынгу на Дзень Волі.

 

Відавочна, што затрыманне Вадзіма Кабанчука і арышт ягонага аўтамабіля звязаныя з мітынгам і шэсцем на Дзень Волі, якія сёння прайшлі ў Менску.

Болей навін