Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя патрабуе вызваліць затрыманых у Воршы лідэраў апазіцыі
Аргкамітэт па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” патрабуе неадкладна вызваліць затрыманых у Воршы лідэраў беларускай апазіцыі Анатоля Лябедзьку, Сяргея Калякіна і Аляксандра Атрошчанкава, якія накіроўваліся ў Маскву, каб адтуль выляцець у Брусель.
БХД лічыць, што затрыманне носіць выключна палітычны характар і ставіць на мэту ізаляваць палітыкаў, якія займаюць жорсткую пазіцыю да рэжыму, ад удзелу у сустрэчы з eўракамісарам Штэфанам Фюле.
Такія дзеянні беларускіх уладаў заганяюць краіну ў ізаляцыю і вядуць да паглыблення канфрантацыі з усім дэмакратычным светам.
“У Бруселі меркавалася абмеркаваць пачатак распрацоўкі плана падтрымкі Беларусі.Затрыманне палітыкаў, безумоўна паўплывае на вынікі мерапрыемства ў негатыўны для Беларусі бок. Такім чынам, відавочна, што не апазіцыя, а самі ўлады пазбаўляюць Беларусь і беларусаў магчымасці падтрымкі з боку ЕС. Улады нясуць усю паўнату адказнасці за паглыбленне палітычнага і эканамічнага крызісу, за збядненне беларускіх сем’яў. гвалт і здзекі ў дачыненні да ўсіх нязгодных”, – адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.