Суд БХД супраць ПК МТЗ працягнецца 16 красавіка (відэа)

02 красавіка 2012 18:09  |  Галоўныя навіны

Судовае разьбіральніцтва паводле пазову аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) да адміністрацыі Палаца культуры Мінскага трактарнага завода працягнецца 16 красавіка ў 15.00 у судзе Партызанскага раёна сталіцы, паведаміў БелаПАН адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні БХД Дзяніс Садоўскі.

Паводле яго слоў, 2 красавіка ў судзе Партызанскага раёна пачалося паседжанне па пазове БХД да ДК МТЗ. На думку прадстаўнікоў БХД, адміністрацыя Палаца культуры свядома сарвала фінальную частку з’езда БХД, які праходзіў там 17 снежня 2011 года. У сувязі з гэтым прадстаўнікамі аргкамітэта па стварэнні партыі быў пададзены судовы пазоў.

«У 17.30 па асабістым загадзе дырэктара ДК МТЗ у актавай зале, дзе праходзіў з’езд, было адключана асвятленне. Пры гэтым арэнда залы была своечасова і цалкам аплачана да 19.00. У гэты час павінен быў пачацца выступ вядомага беларускага музыканта Лявона Вольскага, але як толькі ён выйшаў на сцэну, электрычнасць было адключана», – сказаў Садоўскі.

Аргкамітэт БХД патрабуе «фінансавай кампенсацыі шкоды, якую дырэкцыя ДК МТЗ нанесла адключэннем святла». Прадстаўнікі аргкамітэта планавалі ўрэгуляваць канфлікт у дасудовым парадку, аднак дырэкцыя Палаца культуры сцвярджае, што выканала ўсе пункты пагаднення аб арэндзе памяшкання 17 снежня, і адмаўляецца ад якіх-небудзь кампенсацый. Варта адзначыць, што БХД патрабуе ад ДК МТЗ 2 млн. 94 тыс. 44 рубля.

Як паведаміў Садоўскі, сёння ў судзе былі заслуханыя пазіцыі бакоў. «Юрыст ДК МТЗ сцвярджаў, што мы мелі намер правесці камерцыйны канцэрт, праграма якога не была ўзгоднена з ДК МТЗ. Мы ж кажам, што Вольскі проста павінен быў падтрымаць з’езд БХД, унесці ў яго святочную атмасферу. Мы не прадавалі ніякіх квіткоў на гэта мерапрыемства, што ўжо не можа лічыцца камерцыйным канцэртам», – растлумачыў адказны сакратар аргкамітэта БХД.

2 красавіка ў судзе выступілі сведкі з абодвух бакоў. «Нашы сведкі пацвердзілі, што ніякіх квіткоў на канцэрт яны не набывалі. З боку ДК МТЗ выступіла толькі гардэробніца, якая заявіла, што адзенне дэлегатаў з’езда яна вешала асобна і апошнюю куртку з гэтай вешалкі яна выдала ў 19.20. На думку ДК МТЗ, гэта значыць, што святло ў зале не адключалі», – сказаў Садоўскі.

«Нават калі б мы і парушылі ў чымсьці заканадаўства, усё роўна кіраўніцтва ДК МТЗ не павінна было выключаць святло ў зале. Па-першае, гэта аплачана і прадугледжана дагаворам. Па-другое, толькі пасля таго, як заканадаўча будзе пацверджана наша парушэнне, яны маюць права выстаўляць да нас прэтэнзіі», – заявіў Садоўскі.

 

Болей навін