Кіраўніка рагачоўскага БХД Дзяніса Дашкевіча выклікалі ў міліцыю

03 красавіка 2012 10:47  |  Палітыка

2 красавіка позна ўвечары да каардынатара Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі ў Рагачове Дзяніса Дашкевіча заявіліся супрацоўнікі міліцыі, і ўручылі позву з’явіцца ў РАУС 3 красавіка ў 14:30.

Актывіст не выключае, што прыкладна ў 15:00 адбудзецца суд па заяве рэдактар праўладнага “Свабоднага слова” А.Шышкіна.

Лейтэнант Рагачоўскага РАУС А.Лукашэвіч патлумачыў, што выклік звязаны з патрабаваннем суда крыху падкарэктаваць справу і азнаёміць з гэтым актывіста.

Аднак падобныя выклікі ўжо мелі месца ў мінулым годзе, калі пасля допыту апазіцыянераў адразу везлі на суд. Як складзецца ў гэтай сітуацыі, даведаемся ўжо сёння.

Нагадаем, што ў Рагачове зараз праходзіць працэс, у якім рэдактар ​​газеты “Свабоднага слова” высунуў абвінавачванні ў плагіяце супраць Дзяніса Дашкевіча, незразумела адкуль узяўшы, што ён галоўны адміністратар сайта, і толькі ён адзін можа пісаць навіны ў Рагачове. Як тады растлумачыў адзін з супрацоўнікаў міліцыі, у Рагачове не можа быць іншага чалавека, хто разбіраецца ў стварэнні сайта, праграмаванні і г.д. Заўважым, што Дашкевіч не з’яўляецца праграмістам.

У той жа час, вядомая журналістка Святлана Калінкіна раскрытыкавала А.Шышкіна, ацаніўшы яго дзеянні, прынамсі, смешнымі. І дарэчы паказала відавочныя парушэнні аўтарскіх правоў на сайце ‘Свабоднага Слова”. Да прыкладу, там у рубрыцы “Адпачні” круціцца ролік вядомай групы, зразумела, без іх дазволу.

Праваабаронцы і юрысты выказалі здзіўленне з гэтага працэсу, адзначыўшы пры гэтым, што падобнага цырка яны за сваю шматгадовую практыку не бачылі.

Болей навін