Віталь Рымашэўскі: «Дзеля чаго гуляць у танныя разводы гэбэ?»

03 красавіка 2012 23:46  |  Палітыка

Віталь Рымашэўскі, былы кандыдат у прэзыдэнты і асуджаны па справе аб масавых беспарадках, адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

Нагодай для інтэрвію стаў інцыдэнт з затрыманьнем у Воршы апазыцыйных палітыкаў Анатоля Лябедзькі, Сяргея Калякіна і Аляксандра Атрошчанкава, якія знаходзяццаў сьпісе невыязных зь Беларусі. Разам зь Віталём Рымашэўскім яны ў адным купэ ехалі ў цягніку «Менск—Масква», каб праз расейскую мяжу трапіць на сустрэчы з замежнымі палітыкамі. Перасячы мяжу ўдалося толькі Віталю Рымашэўскаму, а ягоныя калегі былі затрыманыя і асуджаныя. «Народная воля» разьмясьціла артыкул «Чаму не затрымалі Віталя Рымашэўскага?». Рэдакцыя газэты сьцьвярджае, што Віталь Рымашэўскі «ў непарлямэнцкіх выразах» патрабаваў зьняць гэты матэрыял.

— Што за інцыдэнт адбыўся з вашым удзелам у рэдакцыі «Народнай волі»?

 
— Сёньня зраніцы мне, здаецца, Сівы патэлефанаваў з Народнай волі. Я толькі сёньня ранкам вярнуўся дадому. Ён прасіў у мяне камэнтар наконт таго, што судьдзя падчасу суду над Калякіным, Лябедзькам і Атрошчанкавым шмат разоў згадвала маё прозьвішча, кажучы: «Віталь Рымашэўскі — такі законапаслухмяны грамадзянін. Ехаў у адным купэ з Анатолем Лябедзькам, Калякіным і Атрошчанкавым, і вось яго не затрымалі». Я ў яго запытаўся, як ён думае, чаму так шмат разоў маё прозьвішча падчас суду называла менавіта судьдзя? А не Калякін, а не Лябедзька, а не Атрошчанкаў, які мне з пастарунку прыслаў эсэмэску, каб я агучыў на сустрэчах іхную пазыцыю. Усё гэта зразумела.

Сказаў я таксама спадару Сіваму, што мне забаронены выезд за мяжу, таму што я знаходжуся пад крымінальнай судзімасьцю, і выезд — гэта парушэньне. Таму я камэнтар даваць не магу. Ён мне паабяцаў, што інфармацыі пра гэта ня будзе. Але потым я выпадкова ўбачыў, што ўсё ж такі інфармацыя пра гэта стаіць.

 

У рэдакцыю зайшоў, паразмаўляў са спадарыняй Сьвятланай (Калінкінай, намесьніцай галоўнага рэдактара «Народнай волі» — РС). Яна сказала, што за сайт у іх адказвае іншы чалавек. Я патлумачыў «іншаму чалавеку», ён быў шчыра зьдзіўлены, што мне забаронены выезд за мяжу. Матэрыял стаіць. Гэта застаецца на сумленьні рэдактараў. Дзеля чаго гуляць у танныя разводы гэбэ? Думаю, што КДБ пераацэньвае значнасьць маёй асобы. Я сам пра сябе нашмат меншай думкі. Але я так гляджу, што для кампрамэтацыі мяне прыкладаюцца надта вялікія высілкі. Напэўна, усё ж такі мае выказваньні на сустрэчах, на якія ўсё ж такі здолеў трапіць, вельмі моцна кагосьці раздражнілі.

 

— «Народная воля» піша, што вы патрабавалі зьняць матэрыял у «непарлямэнцкіх выразах». Было такое?

 

— Ня думаю, што яны маглі на нешта пакрыўдзіцца. Але я і ў Фэйсбуку сваім напісаў пра гэта. Параіў ім, што калі ў іх жаданьне не падставіць мяне пад крымінальны перасьлед, а проста скампрамэтаваць, то я магу сам ім даць любы матэрыял. Могуць яшчэ пра маё мяккае месца напісаць. Гэта ўжо займала цэнтральныя палосы газэтаў.

— Калі вярнуцца да суду, чаму ўсё ж судьдзя так часта згадвала вашае імя, калі яна ведае, што вам забаронены выезд?

 

— Калі Лябедзьку вялі ў суд, міліцыянты яму сказалі, што яго вядуць у цырк. Суд у нас ня ёсьць незалежны. Рашэньне пра затрыманьне прымаецца ў іншых структурах, якія кіруюць і судамі, і міліцыяй, і некаторымі журналістамі. Я гэта для сябе так тлумачу.

 

— Спадар Калякін выказаў меркаваньне, што гэта было зроблена адмыслова для таго, каб пасеяць варожасьць сярод апазыцыйных палітыкаў? Што вы пра гэта думаеце?

 

— Я безумоўна згодны. З тымі, з кім я ехаў у купэ, у нас адна думка. Мы сёньня бачыліся, у нас ніякіх разыходжаньняў няма. Тая пазыцыя, якую яны мусілі агучыць, пазьней часткова была данесеная мною. Многія з тых, хто спрабаваў крычаць пра неэфектыўнасьць дзейнасьці санкцый, былі спыненыя. Пра гэта я магу сказаць дакладна. А вось Сярдзіч даў падставу пракуратуры яшчэ раз звярнуць увагу на факт майго выезду. Зразумела, што ніводзін чалавек з Рэспублікі Беларусь ня можа выехаць за межы бязь ведама КДБ. Можна выехаць толькі адзін раз і не вярнуцца — эміграваць. Другі раз яны выехаць не дадуць. І я гуляць у гэтыя гульні з КДБ з уцёкамі не зьбіраюся. Мне хавацца няма чаго, і прысуд, вынесены мне — незаконны.

— Гэтая сытуацыя шырока абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках, і людзі неааднаразова кажуць пра салідарнасьць. Што значыць салідарнасьць у беларускай палітыцы? Як яе магчыма праявіць?

 

— Кожны палітык, які выказывае сваю думку незалежна ад улады тут у Беларусі, знаходзіцца пад вялікай небясьпекай. А яшчэ большая гэтая небясьпека для тых, хто робіць гэта за межамі Беларусі. Тыя, хто былі арыштаваныя, маюць гэтую незалежную думку, і за гэта іх арыштавалі, за гэта яны былі пазбаўленыя пашпартоў. І іхная незалежная думка была данесеная мною. Я думаю, што гэта тое, што трэба было зрабіць. Гэта было падтрымана ўсімі намі чатырма, і я гэта зрабіў. Гэта правільна.
Эўрапейскі Зьвяз можа заплюшчыць на гэта вочы і сказаць: «Вось, кагосьці няма, але іншыя могуць прадстаўляць гэтую пазыцыю». Дык вось на ўсіх сустрэчах было мною агучана, што ўсе, хто сюды прыехалі, без выключэньня, гэта тыя людзі, якім КДБ так ці інакш дазволіла выехаць з краіны. І ёсьць людзі, якім не дазваляюць. Калі гэтага не заўважаць, то гэта стане падставай для Лукашэнкі, для ўладаў, пашыраць гэтыя рэпрэсіі, праводзячы такі адбор апазыцыянэраў па прынцыпе, хто з апазыцыянераў займае больш ці менш зручную для яго пазыцыю.

— А вось такое «простае» разуменье салідарнасьці: «вось маіх калегаў затрымалі, не пусьцілі — я таксама не паеду». Гэта было б палітычнае рашэньне?

 

— Горш было б тым, каго затрымалі. Іх пазыцыя зусім не была б данесеная. І да гэтага ўлады імкнуліся. Я думаю, што ў пэўным сэнсе тое, што судьдзя так часта згадвала маё прозьвішча, ёсьць рэакцыяй на маю пазыцыю, якой я прытрымліваўся на далейшых сустрэчах.

— Палітычны аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў у сваім блогу цытуе вас. І сэнс вашага выказваньня наступны: існаваньне сьпісу невыязных — гэта магчымасьць расчысьціць поле для дзейнасьці лабістаў Лукашэнкі ў Эўропе. Патлумачце, калі ласка, што вы маеце на ўвазе.

 

— Яшчэ раз пацьвярджаю гэтыя словы. Гэта абсалютна так. Рэжым Лукашэнкі выбарачна робіць людзей невыязнымі. Зразумела, што ня ўсе знаходзяцца ў вязьніцы — там самыя небясьпечныя. А праблемы з выездам за мяжу ў тых, чыя пазыцыя найбольш небясьпечная для рэжыму і для Лукашэнкі.

Усе тыя, хто публічна выказваюцца ў падтрымку ўвядзеньня санкцый, яны ня могуць сёньня выехаць за мяжу. Гэты крытэр відавочны, яго немагчыма не заўважаць. Салідарнасьць у тым, каб іх думка была там пачутая, за мяжой. Бо самая вялікая небясьпека ў тым, што і заходнікі могуць «падыграць»: хтосьці прыехаў на сустрэчу, хтосьці не, але апазыцыя ў прынцыпе ёсьць”. І так ужо было не адзін раз. Запрашаюць аднаго-двух. А сёньня выходзяць на першы плян незалежныя аналітычныя цэнтры, хаця яны прадстаўляюць палітычна адну пазыцыю. Яны маюць, канечне, свабодную магчымасьць там размаўляць, і не заўважаць гэтага немагчыма.

Я магу дакладна сказаць, што на ўсіх гэтых сустрэчах па санкцыях думка ў падтрымку санкцый не была агучаная, бо людзі проста селі. Тое, што ўдалося зрабіць, гэта сказаць, што людзі маюць такую пазыцыю і што гэтае пытаньне ня можа ўздымацца ў такой аўдыторыі, калі іншая пазыцыя не прадстаўленая. І гэта было ўспрынята з разуменьнем, у тым ліку і спадаром Фюле (Штэфан Фюле, эўракамісар па пытаньнях палітыкі пашырэньня і добрасуседзтва. — РС), які зрабіў заяву пра тое, што пазыцыя затрыманых будзе ўлічаная. І яны паабяцалі таксама выбудаваць мэханізм для таго, каб прадстаўнікі тых структураў, якія найбольш падвяргаюцца рэпрэсыям у Беларусі, былі пачутыя за яе межамі.

 

— А што дае вам падставы сьцвярджаць, што канкрэтныя інстытуцыі — Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў і Офіс за дэмакратычную Беларусь у Брусэлі — гэта менавіта лабісты Лукашэнкі?

— Тое, што сёньняшняму рэжыму патрэбныя наўпроставыя кантакты з Захадам без удзелу апазыцыі. Для яго безумоўна небясьпечныя любыя санкцыі, нават тыя мінімальныя, якія ёсьць сёньня, а іх нельга проста назваць санцыямі. Тое, што яму патрэбнае фінансаваньне бязь зьменаў унутранай сытуацыі, гэта зразумела. Калі адпаведна людзі, ня важна хто гэта — прадстаўляюць яны апазыцыю, ці будзе гэта Зісер, ці будзе гэта незалежны экспэрт, ці гэта прадстаўнік улады, — калі яны выступаюць за гэта, то я магу з поўным правам казаць, што гэтыя людзі ў дадзеным выпадку лабіююць інтарэсы Лукашэнкі.
А інтарэсы ў тым — каб санкцый не было, каб не было цьвёрдай пазыцыі Захаду ў дачыненьні да рэжыму, каб вяліся наўпроставыя і закрытыя перамовы паміж рэжымам і Захадам, каб фінансы ў Беларусь паступалі, як яны паступаюць з боку Эўрзьвязу. І можна сцьвярджаць, што гэтыя людзі працуюць разам. Можна казаць пра прычыны. Можна казаць, што гэта выпадкова. Можна казаць, што гэта незалежная пазыцыя. Але ў дадзеным выпадку яе інтарэсы супадаюць з інтарэсамі рэжыму. Значыць, гэта адстойваньне інтарэсаў рэжыму.

— Наколькі можна казаць, што сярод тых, каго называюць лабістамі, ёсьць непасрэдна нанятыя рэжымам людзі?

— Я ні пра каго так казаць ня буду, таму што ў мяне няма доказаў. У прынцыпе, ад такіх рэчаў трэба ўстрымлівацца, таму што гэта беспадстаўная абраза. Гэта не павінна быць правілам. Нанятыя яны ці не нанятыя, ніхто ня можа сьцвярджаць дакладна, таму што ня мае доказаў. Так рабіць нельга.

— То бок, інфармацыя пра тое, што Ўладзімер Пефціеў прапанаваў мільён даляраў, каб яго не было ў сьпісе неўязных у Эўразьвяз, яна ня мае пад сабой падставаў?

— Я думаю, яна некарэктная. Гэта памылка. Няма прамых доказаў, і ня трэба такія рэчы выказваць. Гэта маё асабістае меркаваньне.

— Дзякуй вялікі, Віталь, за шчырасьць. Можа, вы хочаце нешта дадаць да нашай размовы?

— Я хачу падзякаваць усім тым, з кім мы змагаемся разам. Канечне, сёньня рэжым даў самую высокую адзнаку тым, каго ён затрымаў: і Лябедзьку, і Атрошчанкаву, і Калякіну. Для мяне гэта паважаныя людзі. Для мяне вялікі гонар працаваць побач з такімі людзьмі і быць разам у супольным змаганьні. Праўда заўсёды пераможа і гвалт, і паклёпы, і хлусьню.

Болей навін