З Яўгена Васьковіча хочуць зноў спагнаць грошы за КДБ?
Маці палітвязня, сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Яўгена Васьковіча Рушанія Іванаўна атрымала ліст з магілёўскай турмы № 4, дзе зняволены яе сын, аб тым, што ёй трэба выплаціць пазыку за шкоды КДБ у памеры 253 тыс. рублёў, якая была ў Яўгена на 18 траўня 2011 года.
Разам з тым гэтыя грошы былі заплачаныя яшчэ падчас суду. “Хутчэй з ўсё да іх проста не дайшлі якіясьці дакументы. Я думаю, што на гэтым тыдні атрымаецца ўсё высвятліць”, – адзначыла яна.
Пры гэтым Рушанія Іванаўна паведаміла, што ў сярэдзіне сакавіка атрымала ад сына ліст з віншаваннямі, у якім ён пісаў, што ў яго ўсё нармалёва, і перадаваў усім прывітанні.
Яўгену Васьковічу не даюць атрымаць яцвяжска-ангельскі слоўнік.
Пра гэта паведаміла яго бабуля Тамара Уладзіміраўна. Паводле яе словаў, яна двойчы па просьбе ўнука заказным лістом дасылала яму гэтую кніжку, але яе вярталі назад. Пры гэтым грошы, якія яна яму дасылала, ён атрымаў.
Паводле яе словаў, яна таксама атрымала ў сакавіку ліст ад Яўгена. Пры гэтым больш да нікога, апроч блізкіх сваякоў, лісты не праходзяць. У сваім лісце палітвязень просіць, каб яму даслалі рэлігійную літаратуру.
“Усе нармалёва, здароўе не непакоіць”, – адзначыў ён.
Яўген таксама паведаміў, што ў турме ходзіць у бібліятэку, узяў у ёй “Вайны і мір” Талстога і “Белую гвардыю” Булгакава. Пры гэтым ён адзначыў, што ў турме значна лепш, чым у калоніі, бо тут усё заснавана на даверы.
Нагадаем, Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня 2011 году ў Магілёве на наступны дзень пасля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Яго абвінавацілі ў нападзе на будынак КДБ у Бабруйску, які адбыўся ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году. У нападзе ніхто не пацярпеў, а рэальныя страты склалі 253 тысячы рублёў, якія былі кампенсаваныя. Нягледзячы на гэта, Яўгена Васьковіча суд прысудзіў да сямі год зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У сваім апошім слове хлопец назваў сябе ліцьвінам і дадаў, што яго святы абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасці: “За іх я ўмерці гатовы, бо жыцьцё кароткае, а радзіма вечная”. Скончыў Васьковіч свой кароткі выступ воклічам: “Жыве Беларусь!”.
Хаця хрысціянскія дэмакраты не падтрымліваюць такіх метадаў супраціву, наш абавязак – маліцца за Яўгена, дапамагаць яму і ягоным родным дзеля таго, каб малады хлопец мог зразумець: “не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром” (Рым., 12:21). БХД заклікае дасылаць палітвязню лісты са словамі з Пісання. Лісты падтрымкі неабходна пісаць на адрас: турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Васьковічу Яўгену Сяргеевічу.